МІНСК, 5 сак - Sputnik. Цырымонія развітання з лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па фізіцы Жарэсам Алфёравым пройдзе ў аўторак у Санкт-Пецярбургу, паведамляе Sputnik.
Выдатнага навукоўца, ураджэнца Беларусі Жарэса Алфёрава не стала 1 сакавіка. Фізіку было 88 гадоў.
Развітанне з Алфёравым пройдзе ў аўторак у Санкт-Пецярбургскім навуковым цэнтры Расійскай акадэміі навук (РАН). Пытанні арганізацыі пахавання вырашаюць улады паўночнай сталіцы Расіі - Алфёраў быў ганаровым грамадзянінам горада.
Пасля цырымоніі развітання Алфёрава пахаваюць на Камароўскіх могілках у прыгарадзе Санкт-Пецярбурга. Там жа спачываюць вядомыя пісьменнікі Ганна Ахматава і Данііл Гранін.
Раней у сувязі са смерцю вучонага свае спачуванні выказаў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Жарэс Алфёраў нарадзіўся 15 сакавіка 1930 года ў Віцебску. У 2000 годзе ён атрымаў Нобелеўскую прэмію па фізіцы за распрацоўку паўправадніковых гетэраструктур і стварэнне хуткіх опта- і мікраэлектронных кампанентаў.