МІНСК, 5 сак - Sputnik. Савет міністраў Беларусі прыняў новую рэдакцыю Правілаў продажу тавараў пры ажыццяўленні рознічнага гандлю па ўзорах, паведамілі ў аўторак у прэс-службе беларускага ўрада.
Так, згодна з новай рэдакцыяй правіл пры гандлі па ўзорах па-ранейшаму нельга прадаваць алкагольныя, слабаалкагольныя напоі і піва, БАДы, ветэрынарныя прэпараты і лекі, патроны і зброю, насенне маку і піратэхніку, ювелірныя вырабы, сусальнае срэбра і золата, аграненыя каштоўныя камяні.
Пры гэтым дадзены спіс папоўніўся манетамі і мернымі зліткамі з каштоўных металаў, а таксама вадкасцямі для электронных сістэм курэння.
У дачыненні да продажу скорапсавальнай харчовай прадукцыі патрабаванні засталіся тымі ж, але цяпер яны таксама распаўсюджваюцца на харчаванне для спартсменаў - рэалізоўваць яго па ўзорах можна, калі ў прадаўца ёсць гандлёвы аб'ект, і ў выпадку, калі прадаўцом з'яўляецца вытворца такой прадукцыі.
Прадугледжана новаўвядзенне аб інфармацыі для пакупніка: звесткі аб цане і дастаўцы тавару павінны быць паказаны на сайце (у буклеце, праспекце, каталогу і г.д.) шрыфтам памерам не менш за палову самага вялікага шрыфта, які выкарыстоўваецца для апісання тавару.
У цэлым правілы істотна скарочаныя: калі ў рэдакцыі 2009 года ў іх было 28 пунктаў, то ў дакуменце, які будзе дзейнічаць з 27 ліпеня 2019-га - усяго 10.