Вядучая радыё Sputnik Беларусь Наталля Маеўская пацікавілася ў новага дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Паўла Латушкі пра яго бліжэйшыя планы на новай пасадзе.
"Што тычыцца базавых планаў і асноўных перспектыў развіцця тэатра, яны, вядома, акрэслены да гэтага. Але што тычыцца дадатковых прапаноў, я думаю, што мы будзем абмяркоўваць зараз і з кіраўніцтвам тэатра, і з акцёрамі тэатра і ўжо пазней запросім вас на адпаведную прэс-канферэнцыя, дзе прадставім падыходы па далейшым развіцці тэатра", - распавёў Латушка.
Як прызнаўся суразмоўца Sputnik, для яго асабіста з'яўляецца вельмі важным працягваць традыцыі, закладзеныя папярэднікамі, і на аснове гэтых традыцый развіваць сучасны тэатр.
"Зразумела, для мяне вялікі гонар узначаліць адну з вядучых устаноў культуры - Нацыянальны тэатр імя Янкі Купалы - і працаваць з адным з вядучых тэатральных калектываў нашай краіны, так што на традыцыях будзем будаваць новае. Фактычна, можна гаварыць пра вяртанне да новага", - адзначыў Латушка.
Аб прызначэнні Паўла Латушкі дырэктарам Купалаўскага тэатра стала вядома ў сераду 6 сакавіка.
Гутарку з новым кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Паўлам Латушкам слухайце на радыё Sputnik Беларусь.