МІНСК, 8 сак - Sputnik. Беларусь на конкурсе песні "Еўрабачанне-2019" прадставіць спявачка ЗЕНА (Зіна Купрыяновіч), паведамляе Sputnik.
Конкурс песні "Еўрабачанне-2019" пройдзе 14-18 мая ў Тэль-Авіве. За перамогу ў шоу будуць змагацца прадстаўнікі 41 краіны свету.
Нацыянальны адбор на "Еўрабачанне-2019" завяршыўся ў Беларусі ў ноч з чацвярга на пятніцу. Па выніках галасавання членаў прафесійнага журы прадстаўніком рэспублікі на шоу абраная спявачка ЗЕНА. Яна атрымала 69 балаў з 70 магчымых.
На "Еўрабачанне-2019" ЗЕНА паедзе з песняй Like it, напісанай яе прадзюсарам Віктарам Дробышам.
Зена (Зіна Купрыяновіч) нарадзілася і вырасла ў Мінску. Артыстцы ўсяго 16 гадоў, аднак яна ўжо паспела паўдзельнічаць у "Новай Фабрыцы зорак", агучыць Моану ў аднайменным мультфільме Disney і папрацаваць вядучай на дзіцячым "Еўрабачанні-2018".
Беларусь удзельнічае ў "Еўрабачанні" з 2004 года і за ўсе гэтыя гады толькі пяць разоў выходзіла ў фінал шоу. Самым высокім месцам дагэтуль застаецца 6-е ў Дзімы Калдуна ў 2007 годзе.