МІНСК, 12 сак - Sputnik. У Беларусі можа быць распрацавана і прынята праграма па захаванні традыцыйных каштоўнасцяў і асноў беларускага грамадства. Пра неабходнасць такога дакумента заявіў журналістам дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Станіслаў Зась па выніках пасяджэння Савета бяспекі.
На сустрэчы разглядаўся праект Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі краіны. Адзін з раздзелаў Канцэпцыі, па словах Зася, прысвечаны абароне традыцыйных каштоўнасцяў і асноў.
"Гэта прапануецца лічыць адным з галоўных аб'ектаў для абароны ў інфармацыйнай прасторы. Быў выказаны цэлы шэраг прапаноў менавіта па гэтым кірунку дзейнасці. Праглядаецца неабходнасць прыняцця асобнай праграмы па захаванню традыцыйных каштоўнасцяў і асноў нашага грамадства", - цытуе дзяржсакратара агенцтва БелТА.
Зась адзначыў, што інфармацыйная прастора Беларусі адкрытая і "прастрэльваецца" з усіх кірункаў. У гэтых умовах асабліва важным бачыцца, па словах дзяржсакратара, "захоўваць і свой суверэнітэт, і культурныя каштоўнасці, гістарычную спадчыну і традыцыйныя асновы".
Пра тое, што інфармацыйныя патокі нясуць пагрозу самабытнасці і нацыянальнаму менталітэту казаў на нарадзе прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Каб мінімізаваць гэтую пагрозу, на думку прэзідэнта, дзяржава павінна выбудаваць эфектыўную працу па забеспячэнні інфармацыйнай бяспекі, якая абапіралася б на разумную прававую аснову і адзінае разуменне стратэгічных мэтаў і задач.
Пры гэтым аб абмежаванні інфармацыі і тым больш забароне на альтэрнатыўнае меркаванне гаворка не ідзе. Гаворка ідзе пра гатоўнасць і ўменне адказваць на выклікі.
"Займацца пустэчай не трэба - тыпу забараняць людзям выказваць сваё меркаванне. Але калі гэта меркаванне выдумана, надуманае, калі гэтая навіна, звязаная з нейкім меркаваннем, фэйкавая, выкажыце сваю пазіцыю. Паверце, праўда заўсёды пераможа", - заявіў у ходзе нарады прэзідэнт.