МІНСК, 13 сак - Sputnik. Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка не змагла прабіцца ў чвэрцьфінал тэніснага турніру BNP Paribas Open, які ў гэтыя дні праходзіць у амерыканскім Індыян-Уэлсе.
За пуцёўку ў 1/4 фіналу прэстыжных спаборніцтваў спартсменка з Беларусі, якая ў цяперашні час займае дзявяты радок у WTA, змагалася з нямецкай тэнісісткай Анжалікай Кербер. Матч працягваўся гадзіну і 43 хвіліны.
Першы сэт Сабаленка "здала" - узяўшы толькі адзін гейм ў немкі (1:6), другі выйграла - 6:4.
У вырашальным трэцім сэце беларуска вяла 4:1, але затым прайграла запар пяць геймаў.
У бягучым годзе прызавы фонд тэніснага турніру ў Індыян-Уэлсе складае 8,3 мільёна долараў ЗША.