МІНСК, 13 сак - Sputnik. Чым адрозніваецца фатаграфія ад іншых відаў мастацтваў і што трэба рабіць маладому фатографу, каб дамагчыся прафесійных поспехаў, распавёў падчас майстар-класа для беларускіх фота- і відэажурналістаў і студэнтаў журналісцкіх факультэтаў у рамках адукацыйнай праграмы SputnikPro у мультымедыйным прэс-цэнтры Sputnik спецыяльны фотакарэспандэнт МІА "Россия сегодня", шасціразовы лаўрэат і сябра міжнароднага журы прэміі World Press Photo, акадэмік Міжнароднай Гільдыі фатографаў сродкаў масавай інфармацыі Уладзімір Вяткін.
Саветы для маладых фатографаў
На думку Вяткіна, сёння ў першую чаргу фатограф павінен валодаць цярпеннем і памяркоўнасцю. "Гэта ў фатаграфіі, як і ў любым мастацтве, павінна быць. Перш чым узяць у рукі фотаапарат, задайце сабе элемэнтарнае пытаньне: навошта і ў якой меры мне гэта трэба? Я сябе бачу прафесійным фатографам ў далейшым ці я добры аматар, і фатаграфія мне дапаможа ў маёй адукацыі, у маім чалавечым развіцці?" - параіў эксперт.
Акрамя таго, паводле яго слоў, фатограф павінен пастаянна вучыцца.
"Любому мастацтву, любой справе трэба вучыцца. І настаўнікаў павінна быць шмат і розных. У аднаго можна ўзяць ўменне трымаць фотаапарат, у іншага - уменне шукаць тэму, у трэцяга - уменне размаўляць з людзьмі. Пажадана вучыцца фатаграфіі ў літаратараў - мацней за слова няма нічога. Вучыцца можна ў мастакоў, у рускіх рэалістаў", - растлумачыў Вяткін.
Аднак самае важнае для маладога фатографа - гэта каб яго выносілі ва ўласнай сям'і. "Усе мае нягоды, усе мае бязладзіцы ў жыцці былі не таму, што гэта я такі дрэнны, такі неспагадлівы, такі сухар. Я не сухар абсалютна, але проста мая прафесія мае на ўвазе ўнутраны стан маўчання і адзіноты. Таму што фатаграфія - гэта мастацтва хуткага мыслення і доўгіх разважанняў і бяссонных начэй", - падзяліўся спікер.
Доля секунды
Фатаграфія сёння - самае масавае і самае складанае мастацтва. Зрабіць добрую фатаграфію цяпер нашмат складаней, чым напісаць добрыя вершы, музыку ці карціну. "У літаратара, музыкі і мастака бязмежныя часовыя магчымасці. А фатограф стаіць у вельмі вузкіх часовых рамках - долі секунды. І ў гэтую долю секунду атрымліваецца альбо шэдэўр, альбо тое, што пойдзе ў сметнік. І калі я раблю адну добрую фатаграфію ў год , гэты год я пражыў не дарма", - прызнаўся Вяткін.
На яго думку, у кіно ці тэатры ёсць тэкст, часта закадравы, а ў фатаграфіі ёсць стоп-кадр. "І ўсё, што кажуць у кіно, у тэатры і на тэлебачанні, павінна быць у гэтай фатаграфіі. Але для таго, каб гэтую фатаграфію ўмець чытаць, гэтаму трэба вучыцца, гэта трэба ўмець. Трэба ўмець ствараць вобраз", - сказаў фатограф.
Ён нагадаў, што ў слоўніку Даля "вобразу" адводзіцца шэсць сказаў, у слоўніку Ушакова - крыху менш, у слоўніку сучаснага мастацтва - 42 старонкі. "У маім слоўніку "вобраз" роўна "завершанасць"- сэнсавая, філасофская і візуальная. Вобраз можа быць, а можа і не быць", - канстатаваў эксперт.
Фотаапарат будучага
Кожны фатограф павінен разумець, што фотаапарат - гэта неад'емны інструмент сучаснай культуры. "Ён вельмі зручны для самарэалізацыі і ў нейкай меры, для самасцвярджэння са знакам плюс або са знакам мінус", - падкрэсліў Вяткін.
Ён лічыць, што ў фатографа павінна быць шмат рознага інструмента. "Інструмент можа быць вясёлы, успрыманы грамадскім асяроддзем, а можа быць не успрыманы. У апошнія шэсць гадоў я не растаюся з маленькім фотаапаратам Nikon. Я іду з ім, і ўсё лезуць здымацца, я іду з люстраным фотаапаратам з вялікім аб'ектывам і ўспышкай, і усё ад мяне ўцякаюць. Апаратуры павінна быць шмат, і кожны апарат мае сваё прызначэнне і свае задачы", - растлумачыў спікер.
На яго думку, у найбліжэйшай будучыні будуць фотаапараты з адмысловымі прыладамі, якія палегчаць працу фатографа. "Умоўна, вы робіце тысячу малюнкаў, і фотаапарат пралічвае логіку вашага найбольш прадуктыўнага кампазіцыйнага рашэння і вырашальнага моманту. Навошта тады патрэбен чалавек?" - задаў пытанне мэтр.
А затым сам на яго і адказаў, падкрэсліўшы, што фотаапарат - не галоўнае, галоўнае - фатограф. "Мы ж залежым ад настрою. Мы здымаем не каго-небудзь, а самога сябе", - сказаў на заканчэнне Вяткін.
SputnikPro - гэта серыя прэзентацый і майстар-класаў ад вядучых медыяменеджараў і журналістаў з каласальным досведам працы, якія гатовыя падзяліцца сваімі ведамі з журналістамі, прэс-сакратарамі, PR-спецыялістамі, студэнтамі старэйшых курсаў ВНУ, якія навучаюцца па спецыяльнасці. Праект SputnikPro стартаваў у Мінску вясной 2018 года і атрымаў высокую ацэнку медыясупольнасці.
Больш падрабязна пра спікераў і тэмы майстар-класа чытайце на Sputnik.