МІНСК, 19 сак - Sputnik. Карціны знакамітых беларускіх мастакоў, намаляваныя кавай, паказалі ў Музеі гісторыі Мінска.
Рэпрадукцыі прадстаўляюць шэсць розных напрамказ жывапісу – абстракцыянізм, сацрэалізм, супрэматызм, прымітывізм, экспрэсіянізм і сюрэалізм.
Маляванне кавай ці тэхніку "кава-арт" упершыню выкарысталі амерыканскія мастакі, ад іх унікальная тэхніка дабралася і да нас. Беларускія майстры таксама навучыліся ствараць "духмяныя" шэдэўры, вар’іруючы прапорцыі і канцэнтрацыю зваранай ці растваральнай кавы. Такім чынам, любімы многімі напой становіцца выдатнай альтэрнатывай звыклым фарбам.
Па словах мастака Андрэя Літкевіча, які зрабіў некалькі кававых копій, незвычайнае мастацтва нічым не адрозніваецца ад традыцыйнага: маляваць кавай адначасова проста і складана як акварэллю ці маслам.
Адмысловая выстава была аднадзённай, але аматары беларускага мастацтва змогуць убачыць рэпрадукцыі карцін Валянціна Нуднова, Галіны Івановай, Леаніда Дурэнкі, Андрэя Пяткевіча, Алега Ладзісава і Станіслава Гурскага на буйных аўтазаправачных станцыях Мінска. Такую незвычайную акцыю разам з музеем Мінска арганізавала кампанія "А-100".
"Мэта гэтага праекта – пазнаёміць шырокую публіку з творчасцю найбольш прыкметных прадстаўнікоў беларускага жывапісу. Музей гісторыі горада Мінска заўсёды імкнуўся ісці ў нагу з часам. І як выдатна, што дзякуючы сучасным тэхналогіям можна акунуцца ў беларускае мастацтва, проста выпіўшы кубачак кавы", - падкрэсліла дырэктар музея Галіна Ладзісава.
У рамках праекта быў распрацаваны і адмысловы дызайн кававых кубачкаў, якія таксама прысвечаны папулярным стылям жывапісу.