МІНСК, 22 сак - Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз наведае Баранавічы ў другім паўгоддзі бягучага года, аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў у пятніцу падчас сустрэчы з актывам горада і раёна.
"Я папрашу запланаваць мой візіт у Баранавічы на пачатку другога паўгоддзя, каб мы бачылі, як пройдзе паўгода, і ў другім паўгоддзі ўжо паслухалі канкрэтна кіраўнікоў. А да гэтага вызначыцеся ва ўрадзе і вобласці, якім чынам вы праверыце ўсе суб'екты гаспадарання, усе прадпрыемствы і прыватнай формы ўласнасці, і дзяржаўнай - для мяне яны ўсе аднолькавыя, а самае галоўнае - там працуюць нашы людзі - на прадмет таго, што кожнае прадпрыемства павінна мець свой план развіцця", - цытуе кіраўніка Беларусі прэс-служба прэзідэнта.
Лукашэнка даручыў праверыць усе мясцовыя прадпрыемствы і пераканацца ў іх жыццяздольнасці і папярэдзіў, што гэта сур'ёзна. "Тое, чым мы пачынаем займацца ў Баранавічах, гэта не жарт. Я сказаў, што ў Оршы мы страцілі палову ўрада, не кажу ўжо пра кіраўнікоў ніжэй. Думаю, што вы людзі разумныя і зробіце з гэтага адпаведныя высновы", - перасцярог чыноўнікаў прэзідэнт.
Ён таксама падкрэсліў, што гатовы працаваць з тымі, хто паказвае вынік. "Я гатовы працаваць з любым губернатарам, з любым кіраўніком, але павінен быць вынік. А з кіраўнікамі мы асобна сустрэнемся", - анансаваў Аляксандр Лукашэнка.