МІНСК, 25 сак - Sputnik. Адзін мільён долараў дастаўся 36-гадоваму выкладчыку натуральных навук, францішканскаму манаху Пітэру Табічы з Кеніі - яго прызналі лепшым настаўнікам свету, паведамляе прэс-служба ўрада Дубая.
Табічы выкладае матэматыку і фізіку ў адной са школ Кеніі. На ўсю школу ёсць толькі адзін камп'ютар, а на аднаго настаўніка - 58 вучняў. Большую частку свайго заробку Табічы аддае бедным.
Грошы на прэмію пераможцу вылучыў дабрачынны фонд індыйскага бізнэсмэна Санні Варкея. Прэмія "Лепшаму настаўніку свету" ўручаецца з 2015 года.
У гэтым годзе на яе было пададзена 10 тысяч заявак са 179 краін. Беларускія педагогі ў конкурсе не ўдзельнічалі. У фінал выйшлі педагогі з Аўстраліі, Індыі, Кеніі, ЗША, Бразіліі, Нідэрландаў, Аргенціны, Японіі, Грузіі і Вялікабрытаніі.
У мінулым годзе мільён долараў атрымала брытанская настаўніца па мастацтве і тэкстылю Андрыя Зафірак, якая аказвае дапамогу малазабяспечаным студэнтам з бедных сем'яў Брытаніі.