МІНСК, 28 сак - Sputnik. Пасланне прэзідэнта беларускаму народу і парламенту запланавана на 19 красавіка, заявіў у чацвер спікер Палаты прадстаўнікоў Беларусі Уладзімір Андрэйчанка.
Штогадовыя пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу - канстытуцыйны абавязак кіраўніка дзяржавы. У рамках паслання Лукашэнка выказваецца аб найбольш важных аспектах унутранай і знешняй палітыкі.
"Папярэдне Пасланне запланавана на 19 красавіка", - сказаў кіраўнік Палаты прадстаўнікоў у чацвер, яго словы прыводзіць БелТА.
Паводле слоў Андрэйчанкі, пасланне стане ключавой падзеяй вясенняй сесіі для парламентарыяў.
Пасланне кіраўніка дзяржавы рыхтуецца ўжо некалькі тыдняў. Змест яго невядомы, аднак раней кіраўнік ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына меркавала, што менавіта ў сваім пасланні прэзідэнт можа анансаваць тэрміны наступных выбараў - як парламенцкіх, так і прэзідэнцкіх.