МІНСК, 4 кра - Sputnik. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў спыніць знос крыжоў ва ўрочышчы Курапаты, заява прадстаяцеля РКЦ у Беларусі з'явілася на афіцыйным сайце беларускіх каталікоў у чацвер.
Раніцай 4 красавіка ва ўрочышчы было знесена каля 70 крыжоў, усталяваных па перыметры ляснога масіву, былі таксама затрыманыя больш за дзесяць абаронцаў Курапатаў.
Арцыбіскуп напісаў свой зварот з польскага горада Беластока, дзе ён зараз знаходзіцца на рэабілітацыі пасля перанесенай аперацыі на пазваночніку.
"Заклікаю адказных за знос крыжоў тэрмінова спыніць гэтыя дзеянні і шляхам дыялогу розных палітычных і грамадскіх сіл з удзелам прадстаўнікоў розных веравызнанняў пачаць працэс урэгулявання сітуацыі", - заявіў Кандрусевіч.
Арцыбіскуп адзначыў, што людзі некалькі дзесяцігоддзяў прыходзілі ва ўрочышча, каб памаліцца і ўшанаваць памяць загінулых - менавіта таму там і з'явіліся памятныя крыжы.
"Крыжы ставілі без афіцыйнага дазволу, але ўлада не забараняла гэтага рабіць. За апошнія 30 гадоў паступова з'явіўся своеасаблівы "Курапацкі пантэон" - стыхійны мемарыял, вядомы ва ўсім свеце. Таму раптоўны знос крыжоў выклікае, мякка кажучы, здзіўленне", - адзначыў Кандрусевіч.
Пры гэтым ён прызнаў неабходнасць "упарадкавання" тэрыторыі Курапатаў, але не праз "абразу пачуццяў вернікаў". Мітрапаліт прапанаваў арганізаваць грамадскае абмеркаванне плана работ ва ўрочышчы з удзелам прадстаўнікоў розных рэлігійных канфесій Беларусі.