МІНСК, 4 кра - Sputnik. Жыхары Заслаўя усім горадам сочаць за лёсам бусла, які некалькі дзён таму з'явіўся на адной з цэнтральных вуліц, перадае карэспандэнт Sputnik.
Незвычайную маладую птушку на чыгуначным вакзале заўважылі дзеці: яны звярнулі ўвагу, што бусел не лётае, а перасоўваецца пешшу. Пасля таго як яны распавялі пра яго дарослым, інфармацыя пра птушку пачала хутка распаўсюджвацца сярод жыхароў горада з дапамогай мэсэнджараў.
Каб зберагчы птушку ад магчымага траўміравання цягніком ці легкавымі аўтамабілямі, яе акуратна загналі ў гарадскі парк.
"Ледзьве яго загналі да возера, далей ад пераезду і парковак. Вы б бачылі гэтую карціну, як мы з дзяўчынай яго гналі перад цягніком, каб паспець", - распавяла Sputnik адна з неабыякавых гараджанак Людміла.
Жанчына таксама адзначыла, што ўжо атрымалася звязацца са спецыялістамі-арнітолагамі, якія папрасілі па магчымасці не турбаваць птушку. Яны таксама выказалі здагадку, што малады бусел проста адбіўся ад зграі і знясілеў, таму і не можа паляцець з горада.
Па словах жыхаркі Заслаўя, цяпер гараджане спрабуюць максімальна засцерагчы бусла ад кантактаў з людзьмі і адкарміць яго, каб птушка змагла працягнуць сваё падарожжа.
Людміла адзначыла, што ў сераду спрабавала звязацца з прыродаахоўнымі арганізацыямі Мінскага раёна, аднак не змагла датэлефанавацца. Яна таксама выказала надзею, што ў бліжэйшыя дні атрымаецца вырашыць лёс птушкі.
Першыя буслы, паводле інфармацыі арнітолагаў, пачалі вяртацца ў бягучым годзе ў Беларусь на пачатку сакавіка. Чакаецца, што да сярэдзіны месяца большасць гэтых птушак, якія сталі сімвалам рэспубліцы, прыляцяць у месцы гнездавання ў краіне.