МІНСК, 7 кра - Sputnik. Хакейная каманда прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі атрымала перамогу ў першым матчы фінальнай серыі 12-х рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод аматараў, паведамляецца на сайце Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.
Першы паядынак серыі да дзвюх перамог супраць зборнай Мінскай вобласці прымаў Лядовы палац Маладзечна. Сустрэча завяршылася з лікам 3:1 (0:0, 2:1, 1:0) на карысць прэзідэнцкай каманды. У складзе пераможцаў дублем адзначыўся Павел Белы, яшчэ адну шайбу закінуў Андрэй Башко. У гаспадароў гол на свой рахунак запісаў Яўген Навуменка.
Цікава, што сам кіраўнік дзяржавы, згодна са стартавым пратаколам, на лёд не выходзіў. Не было ў камандзе і першага-віцэ прэзідэнта НАК Андрэя Асташэвіча - ён, як раней паведамілі Sputnik у арганізацыі, на бальнічным.
Другі матч адбудзецца 13 красавіка ў Мінску.
Раней вызначыўся бронзавы чэмпіён турніру - ім стала каманда Брэсцкай вобласці, яна адолела хакеістаў Гомельшчыны з лікам 5:0.
Хакейная каманда прэзідэнта Беларусі раней дзевяць разоў перамагала ў спаборніцтвах (у 2008, 2010-2012, 2014-2018 гадах). Па адной перамозе ў хакеістаў Гомельскай (2009) і Мінскай абласцей (2013 года).