У аўторак прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка ў ходзе рабочай паездкі ацаніў ход пасяўной у Мінскай вобласці, а таксама паставіў шэраг прыярытэтных задач аграрыям у сельгаскомплексе "Лагойскі", які з'яўляецца падшэфнай гаспадаркай "Беларуснафты".
"Давайце дамовімся, што ў будучым годзе ў нас павінен быць рост (мінеральных угнаенняў - Sputnik) па адносінах да 2018 годзе 125%. Ні ў якім разе нельга падаць, трэба хоць патрошку, каб дынаміка была станоўчая... Выйсця ў нас няма, гэта трэба рабіць", - сказаў Лукашэнка.
Другой актуальнай задачай беларускі лідар бачыць уздым зябліва. Зараз, паводле слоў прэзідэнта, "трэба кроў з носа паставіць сабе задачу з восені ўсе перазябліць".
"І трэцяе - гэта вопыт нядрэнны, трэба ўнесці максімум арганікі. З арганікай трэба працаваць. Так, занясем мы азот, калій, фосфар, але перагною гэта не дадасць, таму трэба ўносіць. Лішняя салома - заворваем. Гэта таксама нейкае ўгнаенне, азоту дадаў, узараў, асабліва далёкія палі", - даў параду Лукашэнка.
Пры гэтым, успамінаючы пра сваю паездку ў Шклоўскі раён, беларускі лідар нагадаў пра тое, што саломы, зэканомленай для ўгнаенняў, хапіла не ўсюды, "а калі б дзесьці ў рулончыках акуратненька стажок-два ляжалі, была б зусім іншая справа".
Тады, нагадаем, кіраўнік дзяржавы раскрытыкаваў убачаную безгаспадарчасць, пасля чаго сваіх пасадаў пазбавіліся шэраг адказных чыноўнікаў, уключаючы губернатара Магілёўшчыны, міністра сельскай гаспадаркі і віцэ-прэм'ера.
"Арганіка і рост мінеральных угнаенняў да гэтага года прыкладна на 10% - ніжэй нельга. Мы разумеем, хто за гэта павінен адказваць, вось там першы віцэ-прэм'ер і прэм'ер сёння сядзяць, лічаць гэтыя грошы, выдзяляюць. Галава на пласе - трэба вылучыць столькі, столькі і столькі", - рэзюмаваў Лукашэнка.
Паводле слоў прэзідэнта, трэба напружвацца і шукаць грошы, а не разводзіць рукамі, у адваротным выпадку нічога і не будзе, рэзюмаваў беларускі лідар.
Каментар прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі слухайце на радыё Sputnik Беларусь.