У апошні раз "Лятучую мыш" ставілі ў Вялікім тэатры ў 1961 годзе. Зараз над пастаноўкай працавала інтэрнацыянальная каманда, рэжысёр і мастакі па дэкарацыях і касцюмах прыехалі ў Беларусь з Венгрыі.
"Няма ні аднаго вялікага тэатра ў свеце, які не ставіў бы аперэту. Гэта, можа, не самая высокая гара, але яна вельмі крутая", - сказаў напярэдадні прэм'еры Уладзімір Рылатка, першы намеснік генеральнага дырэктара тэатра.
Гэта сапраўды так, таму што ў аперэты вельмі складаная аркестроўка, а хору і салістам даводзіцца не толькі пець, але і танцаваць на сцэне.
У стварэнні дэкарацый і касцюмаў пастаноўшчыкі вырашылі не прывязывацца да канкрэтнай эпохі. У іх можна пазнаць рысы і часоў барока, і мадэрну - як і ў персанажах кожны глядач зможа пазнаць самога сябе.
Рэжысёр-пастаноўшчык аперэты, Міклаш Габар Керэньі, лічыць, што жанр апереты ніколі не састарэе.
"Вельмі важна, каб заўсёды быў нехта, хто будзе гаварыць пра каханне і ў большасці выпадкаў казаць пра тое, што каханне часам перамагае", - нагадаў ён.
Прэм'ера "Лятучай мышы" адбудзецца ў Вялікім тэатры 16, 17 і 18 красавіка.
Пра тое, як Оперны тэатр рыхтаваўся да прэм'еры, чытайце ў рэпартажах з бутафорскага, мастацкага і швейнага цэхаў тэатра.