МІНСК, 24 кра - Sputnik. Роўмінг паміж Беларуссю і Расіяй можа быць адменены ўжо ў канцы бягучага года, пра гэта паведаміў журналістам кіраўнік Федэральнай антыманапольнай службы Расіі Ігар Арцем'еў.
"Я спадзяюся, што ўжо ў канцы гэтага года", - адказаў кіраўнік ФАС на пытанне, калі будзе адменены роўмінг у рамках Саюзнай дзяржавы. Арцем'еў падкрэсліў, што праца па гэтым пытанні "прасоўваецца добра".
Увесну гэтага года паведамлялася, што ФАС і Мінкамсувязі Расіі ў бліжэйшы час падрыхтуюць даклады для ўрадаў дзвюх краін з нагоды адмены роўмінгу.
"Мы лічым, што адмена роўмінгу па прыкладзе Расіі ў Беларусі - гэта першы крок у рамках Саюзнай дзяржавы. Таму што ўзровень інтэграцыі Беларусі і Расіі самы высокі", - падкрэсліў Арцем'еў, дадаўшы, што беларускі ўрад разглядае пытанне аб адмене роўмінгу.
Кіраўнік ФАС заўважыў, што ўжо прадстаўлена ініцыятыва прапрацаваць гэтае пытанне і ў фармаце Мытнага саюза, каб адразу ўсе пяць краін, якія ўваходзяць у МС, адмянілі роўмінг.
Упершыню пытанне адмены роўмінгу паміж Беларуссю і Расіяй прагучала на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы. Пасля спікер Савета Федэрацыі Валянціна Мацвіенка прапанавала аформіць гэтае пытанне ў выглядзе пратакольнага даручэння. У сваю чаргу прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падтрымаў гэтую ініцыятыву.