МІНСК, 24 кра - Sputnik. Міністэрства працы і сацыяльнай абароны расказала аб тым, як павялічацца пенсіі беларусаў з 1 мая гэтага года, адпаведныя тлумачэнні ведамства апублікавала ў сераду.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка напярэдадні падпісаў указ №156 "Аб павышэнні пенсій". Гэты дакумент прадугледжвае пераразлік выплат для пенсіянераў з 1 мая.
"У выніку пераразліку з 1 мая 2019 памеры працоўных пенсій, па ацэнцы, павялічацца ў сярэднім на 6,3%. Сярэдні памер працоўных пенсій складзе 411,5 рублёў, сярэдні памер пенсіі па ўзросце - 418,4 рубля", - растлумачылі ў сераду ў Мінпрацы.
Як дадалі ў міністэрстве, памер павелічэння пенсіі пасля пераразліку ў кожнага пенсіянера будзе залежаць ад індывідуальных параметраў працоўнага стажу і велічыні заробку да выхаду на пенсію. Паўплываюць таксама ўстаноўленыя надбаўкі, павышэнні і даплаты.
"Пры гэтым звяртаем увагу, што надбаўкі, павышэнні і даплаты па паказанай падставе не пераразлічваюцца. Гэтыя выплаты павялічваюцца пры росце бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва", - дадалі ў Мінпрацы.
Перад беларускім урадам стаіць задача па дасягненні ўзроўню сярэдняй пенсіі 40% ад сярэдняй зарплаты па краіне. У далейшым выплаты пенсіянерам таксама плануецца павышаць - пры адпаведным росце сярэдніх заробкаў.