МІНСК, 25 кра - Sputnik. Міжнародны мінскі веласіпедны тыдзень упершыню пройдзе ў Беларусі з 11 па 19 мая, пра гэта паведамілі Sputnik арганізатары.
Паведамляецца, што велатыдзень аб'яднае ўсе значныя для аматараў гэтага спорту мерапрыемствы, намечаныя ў рэспубліцы. Так, у другі ўікэнд месяца (11 і 12 мая) будуць праходзіць міжнародныя спаборніцтвы па веласпорце на шашы Europe Tour UCI "Кубак Мінска" і "Гран-пры Мінска". У іх будуць удзельнічаць больш за паўтары сотні спартсменаў з 15 краін свету.
"Спаборніцтвы стануць тэставымі напярэдадні веласіпеднай праграмы II Еўрапейскіх гульняў, а траса будзе пралягаць па маршруце групавой гонкі гульняў", - растлумачылі арганізатары.
Таксама 12 мая пройдзе традыцыйны конкурс для чароўных веласіпедыстак "Веламіс-2019". А на Кастрычніцкай плошчы перад Палацам Рэспублікі раскінецца вялікая забаўляльная пляцоўка, дзе выступяць артысты і будуць даступныя зоны актыўнасці для гасцей.
18 мая ў сталіцы разгорнецца штогадовы грандыёзны велакарнавал "Viva ровар", у гэтым годзе ён адзначае свой першы юбілей. Галоўная пляцоўка фестывалю будзе размешчана ў парку Перамогі, а калона стартуе ля стэлы "Мінск - горад-герой".
А з 16 па 19 мая можна будзе паназіраць за ходам міжнародных спаборніцтваў па веласіпедным спорце на трэку "Гран-пры Мінска": змагацца будуць дзве сотні велагоншчыкаў.
"Мы шчыра спадзяемся, што гэты май стане адным з самых запамінальных не толькі для беларусаў, але і для ўсіх гасцей, якія адмыслова прыедуць у Мінск, каб убачыць яго яркім, спартыўным і квітнеючым", - адзначаюць ініцыятары праектаў.