МІНСК, 1 мая - Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў народную артыстку краіны Ядвігу Паплаўскую з юбілеем, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
"Дзякуючы выключнаму таленту і працаздольнасці Вы сталі ўзорам высокага прафесійнага майстэрства, прыкладам адданага і нястомнага служэння нацыянальнаму мастацтву", - сказана ў віншаванні.
Лукашэнка падкрэсліў, што шматгадовая плённая творчая дзейнасць спявачкі - гэта яскравая старонка ў гісторыі беларускай эстрады.
Прэзідэнт адзначыў, што артыстка зачароўвае гледачоў не толькі сваім цудоўным голасам, але і дзіўнай прыгажосцю жаночай душы і багаццем пачуццяў, а кожнай песні яна аддае часцінку свайго сэрца.
Акрамя таго, Лукашэнка пажадаў Ядвізе Паплаўскай моцнага здароўя, поспехаў і дабра.
Ядвізе Паплаўскай 1 мая спаўняецца 70 гадоў. Нарадзілася яна ў вёсцы Далідовічы Валожынскага раёна, была ўдзельніцай першага складу ансамбля "Верасы". У 2005 годзе Паплаўскай прысвоена званне народнай артысткі Беларусі.