МІНСК, 2 мая - Sputnik. Усе жадаючыя могуць падпісаць паштоўку для ветэрана і адправіць яе ў Дзень Перамогі. Sputnik высвятліў, дзе будуць бясплатна раздаваць паштоўкі і як іх можна адправіць.
"Такія вестачкі асабліва дарагія тым, што напісаныя ад рукі і ад усяго сэрца", - перакананыя ў "Белпошце".
Гэта традыцыйная акцыя пошты "Адпраўце вестку ветэрану Вялікай Айчыннай вайны".
У Мінску можна будзе сумясціць адпраўку паштоўкі са святочнымі мерапрыемствамі да Дня Перамогі, якія пройдуць у Лошыцкім парку. Адпраўляць вестачкі можна пачынаючы з поўдня - 12:00.
А пачынаючы з 5 мая можна будзе бясплатна падпісаць і адправіць паштоўку для ветэрана на стэндзе Sputnik, які размесціцца ў музеі Вялікай айчыннай вайны. Дастаўку вашага паслання мы бярэм на сябе.
У Жодзіне на плошчы каля ДК "БелАЗ" будзе працаваць гандлёвая палатка, паштоўку можна падпісаць там.
Адправіць вестачку ветэрану Вялікай Айчыннай вайны ў Брэсце можна будзе з 09:00 да 18:00 на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой".
У Гомелі паштоўкі можна будзе падпісваць ў Музеі ваеннай славы.
А яшчэ падпісаць паштоўкі на адрас ветэранаў з 2 па 4 мая змогуць наведвальнікі стэнда РУП "Белпошта" падчас XXII Міжнароднай спецыялізаванай выставы "СМІ ў Беларусі".
Каб даведацца, у якіх яшчэ паштовых аддзяленнях будуць прымаць і бязвыплатна перасылаць паштоўкі ветэранам, глядзіце поўны пералік на сайце "Белпошты".
Дарэчы, такім чынам "Белпошта" святкуе не толькі Дзень Перамогі. Ужо традыцыйна ў студзені ў Дзень рукапіснага ліста яна прапануе бясплатна адправіць падпісаныя ад рукі паштоўкі.