МІНСК, 7 мая - Sputnik. Пасяджэнне Падольскага суда Кіева па справе кіраўніка партала РІА "Новости Украина" Кірыла Вышынскага пройдзе ў аўторак, паведамляе Sputnik.
Журналіста і кіраўніка партала РІА "Новости Украина" Вышынскага ўзялі пад варту ў Кіеве 15 мая мінулага года. Яго абвінавачваюць у падтрымцы самаабвешчаных рэспублік Данбаса і дзяржаўнай здрадзе.
У аўторак Падольскі суд Кіева правядзе чарговае пасяджэнне па справе журналіста. Яно павінна было адбыцца 2 мая, аднак Вышынскага не даставілі ў памяшканне суда, а відэасувязь, якую паспрабавалі ўсталяваць, была недастаткова якаснай.
"Думаю, што на гэтым пасяджэнні пракуратура скончыць зачытванне абвінаваўчага акту, і мы ўжо пяройдзем да разгляду справы па сутнасці", - выказаў меркаванне раней адвакат журналіста Андрэй Даманскіх.
Сам Вышынскі раней адхіліў усе абвінавачванні ў свой адрас і назваў іх хлуснёй і маніпуляцыяй. Доказаў "антыўкраінскай дзейнасці" журналіста СБУ так і не змагла знайсці.
Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін раней назваў сітуацыю з арыштам Вышынскага беспрэцэдэнтнай, заявіўшы, што журналіста арыштавалі "за яго прамую прафесійную дзейнасць, за ажыццяўленне яго журналісцкай функцыі". Масква накіравала Кіеву ноты пратэсту з патрабаваньнем спыніць гвалт над прадстаўнікамі прэсы.
Прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Арлем Дэзірэ выказваў сур'ёзную трывогу ў сувязі з дзеяннямі Кіева ў дачыненні да РІА "Новости Украина". Заклікалі вызваліць журналіста і міжнародныя журналісцкія арганізацыі.