МІНСК, 13 мая - Sputnik. Конкурс песні "Еўрабачанне" афіцыйна стартаваў у Тэль-Авіве, адпаведная цырымонія адбылася напярэдадні вечарам.
64-ы конкурс песні "Еўрабачанне" праходзіць у Тэль-Авіве дзякуючы перамозе прадстаўніцы Ізраіля Неты на шоу ў папярэднім годзе. Галоўным месцам правядзення мерапрыемстваў абраная пляцоўка Expo Tel Aviv.
Афіцыйны старт "Еўрабачання-2019" быў дадзены вечарам у нядзелю. Удзельнікі шоу прайшліся па аранжавай дывановай дарожцы і пагутарылі з прэсай.
Ужо з панядзелка ў Тэль-Авіве пачынаюцца асноўныя падзеі "Еўрабачання". Так, сёння пройдзе генеральная рэпетыцыя першага паўфіналу шоу. Ад "сапраўднага" паўфіналу ён адрозніваецца толькі адсутнасцю тэлетрансляцыі. Арганізатары прадаюць месцы ў глядзельнай зале на генпрагоны, а журы ў іх рамках выстаўляе свае балы. Такім чынам, у аўторак, падчас першага паўфіналу, арганізатарам будзе вядомая палова адзнак, і справа застанецца толькі за тэлегледачамі.
Менавіта ў першым паўфінале і выступіць прадстаўніца Беларусі Зена: артыстка выйдзе на сцэну шоу пад нумарам восем. Букмекеры пакуль не вераць у тое, што ёй удасца выйсці ў фінал, аднак сама спявачка настроена пазітыўна.
Другі паўфінал "Еўрабачання-2019" пройдзе 16 мая, фінал - 18 мая. Прамыя эфіры шоу можна будзе ўбачыць на афіцыйным YouTube-канале конкурсу, а таксама па тэлеканалах "Беларусь 1" і "Беларусь 24". Пачатак трансляцый - у 22:00 па мінскім часе.