МІНСК, 14 мая - Sputnik. Пры працы над удасканаленнем Канстытуцыі Беларусі трэба ў першую чаргу кіравацца інтарэсамі звычайных людзей. Такое меркаванне выказала сёння журналістам новая суддзя Канстытуцыйнага суда Ала Бодак пасля прыняцця прысягі.
Паводле яе слоў, на гэтай пасадзе яна гатовая ўключыцца ў працу па падрыхтоўцы прапаноў, як удасканаліць Канстытуцыю нашай краіны.
Пры гэтым Ала Бодак лічыць, што ў такой працы трэба прытрымлівацца пэўных прынцыпаў, галоўны з якіх - умацаванне беларускага суверэнітэту і дзяржаўнасці.
На думку суддзі, трэба стварыць для ўсіх трох галін улады такія ўмовы, якія дазволяць вырашаць задачы па далейшаму развіццю Беларусі.
Бодак таксама нагадала, што Канстытуцыя - гэта падмурак ўсёй дзяржавы, на які ўсё ў рэспубліцы абапіраецца, таму яна вельмі важная.
"Менавіта ў Канстытуцыі абвешчаны прынцып прыярытэту правоў і свабод грамадзян - асноўны, фундаментальны, прынцып, паводле якога чалавек, яго правы і свабоды з'яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю, мэтай грамадства і дзяржавы", - цытуе Алу Бодак БелТА.
Пры гэтым яна дадала, што Канстытуцыйны суд павінен ахоўваць гэтыя і іншыя палажэнні, прапісаныя ў Асноўным законе. Вялікі досвед працы дапаможа новай суддзі эфектыўна працаваць на новай ніве.
Раней суддзя Канстытуцыйнага суда працавала намеснікам міністра юстыцыі, а ў апошнія гады была старшынёй пастаяннай камісіі па заканадаўстве ў Савеце Рэспублікі.
"Увесь гэты досвед мне спатрэбіцца на новай пасадзе", - лічыць суддзя.