МІНСК, 18 мая - Sputnik. Лоукост з Нідэрландаў можа запусціць рэйсы ў Гродне, паведамілі ў прэс-службе Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта.
Напярэдадні адбылася сустрэча кіраўніцтва аблвыканкама з часовым павераным у справах каралеўства Нідэрландаў у Беларусі Паўлам ван Ооствейнам. Акрамя эканамічных пытанняў - супрацоўніцтва ў сферы АПК, льготы для бізнесу і гандаль - бакі звярнулі ўвагу на развіццё турызму.
"Па бязвізавым рэжыме на Гродзеншчыну прыязджаюць турысты з розных краін, у тым ліку з Каралеўства Нідэрландаў. Неўзабаве, мы спадзяемся, бязвізавая зона будзе распаўсюджана на ўсю Гродзенскую вобласць. Акрамя таго, Брэсцкую і Гродзенскую бязвізавыя зоны плануецца аб'яднаць, што дазволіць турыстам бесперашкодна наведваць Белавежскую пушчу. Мы запрашаем турыстаў. Нам патрэбныя і інвестары з Нідэрландаў для адкрыцця кафэ, гасцініц, рэстаранаў", - сказаў намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Лісковіч.
Паводле яго слоў, мясцовыя ўлады могуць прапанаваць галандскім інвестарам для гасцінічнага бізнесу "будынкі, якія патрабуюць абнаўлення, а таксама і свабодныя ўчасткі ў горадзе для будаўніцтва аб'ектаў". "Інвестары з Нідэрландаў могуць прыняць удзел і ў развіцці інфраструктуры Аўгустоўскага канала", - дадаў Лісковіч.
"На сустрэчы таксама ўздымалася пытанне магчымасці прыходу лоукост-авіякампаній з Нідэрландаў у Гродна", - адзначылі ў прэс-службе аблвыканкама, не паведаміўшы іншых падрабязнасцяў.
На пачатку мая пасол Венгрыі Жолта Чутора сустрэўся з кіраўніцтвам Гродзенскай вобласці, пасля сустрэчы ён адзначыў, што вядуцца перамовы аб арганізацыі рэйсаў Wizz Air з Гродзенскага аэрапорта.