МІНСК, 23 мая – Sputnik. Беларускі фолк-гурт PAWA рыхтуецца да здымак кліпа на новую песню пра акалічнасці ўжывання алкаголю "Гарэлачка".
Казачная гісторыя ў трох дзеях ужо аб'яднала ў каманду маладых і таленавітых актораў, рэжысёра і аператара. Паўдзельнічае ў здымках і заўсёднік этна-фестываляў экстрым-тэатр "Берсерк".
На краўдфандынгавай платформе з'явілася аб'ява, што гурт шукае грошы на аплату працы прафсійнай каманды і абяцае прыхільнікам у адказ шмат падарункаў і цікавых неспадзяванак.
Гурт PAWA выконвае традыцыйную беларускую і еўрапейскую музыку ў сучаснай апрацоўцы. Зараз музыкі пішуць і ўласныя аўтарскія песні. Гурт аддае перавагу сярэднявечным інструментам, такім як дуда жалейка, дудкі, скрыпка, але спалучае іх з сучаснымі драм-машынамі, сінтэзатарамі і электрагітарай.