МІНСК, 28 мая - Sputnik. Рэспубліканскі экспертна-мастацкі савет па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве адзінагалосна зацвердзіў праект помніка вялікаму князю Гедыміну, паведаміла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку скульптарка Вольга Нячай. Разам са скульптарам Сяргеем Аганавым яна з’яўляецца аўтаркай помніка, які ў хуткім часе з’явіцца ў Лідзе.
Пакуль помнік прадстаўлены з гліны ў натуральную велічыню, ён ужо вырабляецца і па задумцы будзе абліцаваны гранітам у колер Лідскага замка.
Плануецца, што помнік будзе афіцыйна адкрыты побач з паўночнай сцяной Лідскага замка разам з другой вежай. Урачыстае мерапрыемства адбудзецца на Дзень горада.
Лідскі раённы выканаўчы камітэт аб'явіў конкурс на лепшы эскізны праект помніка князю Гедыміну восенню 2017 года. Галоўным патрабаваннем да работы было яе выкананне ў лепшых традыцыях класічнага нацыянальнага манументальнага мастацтва.