МІНСК, 10 чэр - Sputnik. "Дынама-Мінск" павінен рабіць стаўку на беларускіх хакеістаў, сказаў Аляксандр Лукашэнка ў ходзе рабочай сустрэчы з Ігарам Шуневічам.
Міністр унутраных спраў з'яўляецца старшынёй назіральнага савета ў галоўным хакейным клубе краіны, таму кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ў яго, як ідуць справы ў камандзе.
"Трэба браць сваіх хлопцаў. Натуральна, тры-чатыры легіянеры: варатара ў нас няма моцнага. Яго і не будзе, калі нашы не будуць стаяць у варотах. Так, трэба кагосьці ў першую тройку, але трэба ставіць сваіх і гуляць", - заклікаў прэзідэнт Беларусі.
Пасля чаго нагадаў пра суперсерыю, якую правяло "Дынама" і зборная беларускай экстралігі. Аляксандр Лукашэнка сказаў, што рашэнне было прынята не выпадкова і, як аказалася, беларускія хакеісты нічым не саступаюць дынамаўскім легіянерам.
"Сама сутнасць гульні паказала, што калі хлопцы хочуць гуляць, яны гуляюць. Я яшчэ раз паўтараю: у кожнага дзве нагі, дзве рукі і галава - і ў расіян, і ў канадцаў, і ў амерыканцаў, і ў нашых", - цытуе прэзідэнта БелТА.
Паводле яго слоў, калі беларускія хакеісты хочуць гуляць і зарабляць, то яны павінны гуляць, "а цягнуць сюды легіянераў з усяго свету і не трапляць у плэй-оф - нам такія гульні не трэба".
На заканчэнне Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што неабходна накіроўваць усе намаганні на тое, каб беларускі хакей развіваўся, таму што за яго перажываюць заўзятары.