МІНСК, 13 чэр - Sputnik. Беларусь на II Еўрапейскіх гульнях прадставіць 221 спартсмен, заявіў на прэс-канферэнцыі ў Мінску першы намеснік міністра спорту і турызму Вячаслаў Дурноў.
21 чэрвеня ў Мінску стартуюць Еўрапейскія гульні-2019. Спаборніцтвы пройдуць па 23 дысцыплінах у 15 відах спорту.
"У складзе нашай дэлегацыі 221 спартсмен у 15 відах спорту і 149 трэнераў", - сказаў Дурноў.
Затым ён агучыў спіс атлетаў і падкрэсліў, што калі замены і будуць, то нязначныя.
"Не стаў бы вылучаць кагосьці. Разлічваем на ўсіх і кожнага. Усе нашы спартсмены разлічваюць на максімальную барацьбу, каб падняцца на п'едэстал. Гульні праходзяць дома, што будзе дадаткова матываваць спартсменаў", - адзначыў ён.
Задача на Гульні, падкрэсліў Дурноў, была агучана кіраўніком дзяржавы - беларускія атлеты не маюць права заваяваць медалёў менш, чым у Баку.
Дурноў нагадаў, што на папярэдніх Гульнях у Азербайджане беларусы ўзялі 43 узнагароды (10 залатых, 11 срэбных і 22 бронзавыя медалі). Зараз жа, па яго словах, стаіць задача палепшыць якасць медалёў. Ён адзначыў, што ў дзесяці відах спорту "жалезна" можна паказаць добры вынік.
"Нашы спартсмены годна выступяць", - выказаў упэўненасць Дурноў.
Другія Еўрапейскія гульні будуць доўжыцца па 30 чэрвеня. Пра ўсе навіны спартыўнага форуму і агню Гульняў па Беларусі можна даведацца ў спецпраекце Sputnik.