З Беларусі турысты звычайна вязуць каўбасу, малочныя прадукты і шакаладныя цукеркі. Але ад іх застануцца толькі паперкі. Каб наталіць прагу прыгожага, варта звярнуцца да народнай творчасці. Гарантуем, абыякавым не застанецца ніхто.
"Гэта Беларусь, дзетка!"
Традыцыйна лепшым падарункам лічыцца кніга, таму абмінаць увагай паліцы беларускіх кнігарняў не варта. Тым больш, што на іх можна знайсці шмат чаго цікавага. Безліч літаратуры пра беларускіх дзеячоў культуры, каб дакрануцца да шматграннай беларускай спадчыны, і турыстычных даведнікаў, каб у гэтай спадчыне не заблудзіць.
Сярод традыцыйнай літаратуры, дзе госці сталіцы змогуць прачытаць пра гісторыю Мінска, Нясвіжскі замак і Белавежскую пушчу, ёсць і тыя, якія "жартуюць з нацыі бульбаманаў, кубічнай нацыянальнай бібліятэкі, супержанчын ды шчодрасці людзей". Такія хочацца не проста пагартаць, а нават набыць для сяброў.
Ад куцці да самагона
Асобная тэма адмысловых беларускіх сувеніраў – гастранамічная. Акрамя беларускіх кулінарных кніг, перакладзеных на англійскую мову, можна набыць магніцікі і талерачкі са старажытнымі рэцэптамі. Турыстаў вучаць гатаваць куццю, грэчку з грыбамі, агуркі з мёдам, верашчаку і ўзвары.
Экстрэмалы могуць паспрабаваць прыгатаваць сапраўдны беларускі самагон. Зрабіць гэта, дарэчы, не вельмі складана: дастаткова растаўчы бульбу і хлеб, заліць вадой, дадаць цукар, дрожджы і малако. Пасля таго, як сумесь перабродзіць, яе трэба перагнаць.
Бабёр і расіяначка
Саламяныя лялькі – прыгожая і арыгінальная старонка беларускага сувенірнага асартыменту. У кожнай сваё імя – ад Мікіты да Люляначкі, свой тварык і прыгожы строй. Справа у тым, што лялек беларусы выкарыстоўвалі ў якасці абярэгаў, іх рабілі амаль да кожнай важнай падзеі: куватку і пялянашку дарылі малым дзеткам, падарожніцу – тым, каго у хуткім часе чакае дарога.
Сярод сучасных лялек ёсць расіяначкі, шлюбныя пары і нават бабёр. Ад чаго ён будзе абараняць сваёго гаспадара, застаецца толькі здагадвацца.
Не толькі вышыванка
Беларускія сувеніры – гэта не толькі саламяныя лялькі ды вышыванкі. Ёсць прадукцыя, адаптаваная да сучасных рэалій. Такую у пэўным сэнсе можна таксама выкарыстоўваць, каб распавесці пра гісторыю Беларусі – і яшчэ невядома, дзе будзе сімвалізму болей – у арнаменце, які сімвалізуе сонца, ці ў летуценным трактары "Беларус".
Такім чынам, магніцікі ў выглядзе аўтазака, аўтобуса і пляшкі з гарэлкай, кубачкі з галоўнымі беларускімі славутасцямі і алфавітам стануць добрым падарункам для беларусаў замежжа, якія з’ехалі, ці замежнікаў, якія, што называецца, "у тэме".