Памерла экс-віцэ-прэм'ер і дыпламат Ніна Мазай

© Sputnik / Владимир Федоренко / Перайсці ў медыябанкНіна Мазай
Ніна Мазай - Sputnik Беларусь
Падпісацца
У канцы 80-х яна ўзначальвала Дзяржаўную камісію па расследаванні злачынстваў у Курапатах.

МІНСК, 26 чэр - Sputnik. Беларускі палітык і дыпламат Ніна Мазай памерла ў сераду, 26 чэрвеня, ва ўзросце 69 гадоў, перадае БелТА са спасылкай на Міністэрства замежных спраў Беларусі. Мазай была віцэ-прэм'ерам урада Беларускай ССР і пасля дыпламатам.

Яна родам з Палесся, нарадзілася ў адной з вёсак Петрыкаўскага раёна. Вучылася ў Капаткевічскай сярэдняй школе, дзе ў гэты жа час атрымлівала адукацыю і Святлана Алексіевіч.

Скончыла гістфак БДУ, зрабіла кар'еру ў камсамоле: прайшла шлях ад другога сакратара Жабінкаўскага райкама ЛКСМБ да першага сакратара ЦК ЛКСМБ.

З 1985 да 1991 займала пасаду намесніка старшыні Савета Міністраў БССР. Прычым ў 1988 годзе ўзначаліла Дзяржаўную камісію па расследаванні злачынстваў у Курапатах.

З пачатку 90-х года перайшла на дыпламатычную службу. Была пастаянным прадстаўніком Беларусі пры ЮНЕСКА, затым прызначаная Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Францыі. Ёй быў прысвоены дыпламатычны ранг Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла. У розныя гады Мазай узначальвала місіі ў Іспаніі і Партугаліі, а таксама ў Канадзе. Паміж гэтымі місіямі паспела некалькі гадоў у канцы 90-х папрацаваць намеснікам міністра замежных спраў.

У канцы нулявых стала сенатарам. У 2008-2012 займала пасаду старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы.

"Шчыры, спагадны і прынцыповы чалавек, Ніна Мікалаеўна карысталася аўтарытэтам і заслужанай павагай на ўсіх вехах свайго працоўнага шляху. Памяць пра Ніну Мікалаеўну Мазай застанецца ў сэрцах яе блізкіх, калегаў і сяброў", - адзначылі ў МЗС.

Стужка навiн
0