МІНСК, 28 чэр - Sputnik. Палата прадстаўнікоў Беларусі прыняла ў другім чытанні папраўкі ў законы па пытаннях эфектыўнага функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржавы.
Законапраект, які змяняе парадак прадастаўлення адтэрміновак ад службы ў войску на адукацыю, быў унесены ў Палату прадстаўнікоў на гэтым тыдні. Ужо ў сераду законапраект прайшоў першае чытанне - большасць парламентарыяў яго падтрымалі.
На заключным пасяджэнні вясновай сесіі парламентарыі разгледзелі законапраект у другім чытанні. За дакумент прагаласавалі 85 дэпутатаў, дзевяць выказаліся супраць.
Ужо ў пятніцу разгледзіць законапраект і Савет Рэспублікі. Затым ён адправіцца на подпіс да прэзідэнта, а ў сілу уступіць праз дзесяць дзён пасля афіцыйнага апублікавання - магчыма, ужо да пачатку восеньскага прызыву.
Згодна з законапраектам, прадастаўляць адтэрміноўку на адукацыю цяпер будуць толькі адзін раз. Аднак падкрэсліваецца: ужо атрыманыя адтэрміноўкі не адменяць, а пры жаданні працягваць вучобу на час службы малады чалавек зможа браць акадэмічны адпачынак.
Таксама законапраект уводзіць абмежаванні на прыём на працу ў шэраг сілавых структур тых грамадзян, якія не служылі без законных падстаў. Змяняецца і парадак абмежавання выезду ўхілістаў за мяжу. Таксама скарочаны тэрмін магчымага абскарджання рашэння ваенкаматаў - калі раней ён складаў месяц, то цяпер будзе ўсяго сем дзён.