МІНСК, 2 ліп - Sputnik. Каманда "МАЗ-СПОРТаўта" паведаміла аб праблемах прасоўвання да Іркуцку, які пацярпеў ад моцнай паводкі, распавяла прэс-служба мінскай каманды.
Рэжым НС быў уведзены ў Іркуцку 27 чэрвеня з-за наймацнейшай паводкі, выкліканай выхадам рэк з берагоў. Падтоплена мноства дарог, выведзены са строю аўтамабільныя масты. Вядома пра мінімум 12 ахвяр і дзясяткі пацярпелых. І менавіта ў Іркуцку павінен 6 ліпеня стартаваць ралі-рэйд "Шаўковы шлях-2019".
"На сённяшні дзень сітуацыя наступная: дарога паміж Тулунам і Іркуцкам зачынена. Вада пачала сыходзіць, але, паводле інфармацыі, якую мы атрымалі ад мясцовых уладаў, дарога будзе адкрыта не раней, чым праз тры дні", - распавялі МАЗаўцы.
У прэс-службе ўдакладнілі - каміёны разам з тэхнічкамі не змогуць апынуцца ў Іркуцку 4 ліпеня, як гэта было запланавана. Адпаведна, тэхнічную інспекцыю грузавікі прайсці своечасова не змогуць, бо нават пры змене маршруту да месца старту - пра гэта зараз ідзе гаворка - графік праходжання тэхінспекцыі будзе ссунуты. Аднак у камандзе адзначылі, што пакуль дата цырымоніі адкрыцця гонкі не змянілася, а на першы спецучастак гоншчыкі сыдуць па планах - раніцай 7 ліпеня.
Маршрут ралі "Шаўковы шлях-2019" пракладзены па тэрыторыях трох краін - Расіі, Манголіі і Кітая. Фінішаваць гоншчыкі павінны будуць у кітайскім Дуньхуане 16 ліпеня.