Віцебску ў дзень гала-канцэрта адкрыцця "Славянскага базару" не спалася, нават калі час пераваліў за поўнач. На сцэну выходзілі то лаўрэат "Голаса", то лаўрэат "Грэмі", то Міхайлаў, то "Самоцветы".
Даставаць тэлефоны з сумак гэтым вечарам можна было па некалькіх падставах - пасвяціць ліхтарыкам у падтрымку артыстаў і ўдакладніць, колькі гадоў Валерыю Лявонцьеву. "Семдзесят!" - захоплена шапталі тыя, хто ўжо нагугліў.
А музыка Мішэля Леграна аднолькава гучыць і на правым беразе Сены, і на правым беразе Дзвіны. І адным з самых кранальных нумароў стала як раз выкананне Тамарай Гвердцытэлі песні з кінафільма "Шербурскія парасоны". На відэа, якое запусцілі за спіной выканаўцы, дзяўчына, сілуэтам падобная да Катрын Дэнёў, хадзіла на фоне віцебскай Дзвіны.
Карэспандэнт Sputnik Алена Васільева пабывала на гала-канцэрце адкрыцця "Славянскага базару" і распавядае, што ўразіла ў Віцебску ў гэтым годзе.
"Віцебск гасіць настальгію"
Яшчэ днём усім у горадзе зразумела, што будзе гала-канцэрт - у крамах турысты прыглядаліся да ільняных абрусаў, з розных пляцовак у цэнтры горада несліся песні наперабой з водарамі вулічнай ежы, паўсюль сустракаліся васількі і кірмашы майстроў.
Наталля і Юрый прыехалі з Германіі. У Баварыі яны глядзяць рускамоўныя каналы, па адным з іх паказваюць "Славянскі базар", мэтанакіравана за ім і ехалі. Кажуць, Беларусь добра "гасіць настальгію".
"Што асабліва падабаецца? Прастата людзей", - распавядаюць госці, а побач з Наталляй ляжыць букет, прызначаны для Стаса Міхайлава.
Але Міхайлаў не быў першым, хто сарваў авацыі на "Базары".
Як Лукашэнка апладысменты зрываў
"О, Бабарыкін!" - узрадаваліся суседзі карэспандэнта Sputnik, калі на сцэне з'явіўся дырыжор прэзідэнцкага аркестра.
З'яўленне Бабарыкіна прадвесціла з'яўленне на сцэне яшчэ адной знакавай постаці - чакалі прэзідэнта, а калі той прыйшоў, нехта дастаў тэлефон, а нехта пачаў прастадушна яму махаць. Лукашэнка таксама быў лагодны, абдымаў вядучых і жартаваў. Пачаў, праўда, вельмі сур'ёзна.
"У гэты ўрачысты вечар хачу вітаць усіх, хто сэрцам адгукнуўся на пазыўныя міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар", - пачаў Лукашэнка і дадаў, што ў няпростыя часы людзі знаходзілі маральную падтрымку ў мастацтве.
Гледачы заапладыравалі. Лукашэнка, мабыць, крануў такі прыём, і ён дадаў да афіцыйнай часткі свайго выступу крыху гумару.
Ён прызнаў, што горад над Дзвіной валодае ўнікальнай творчай энергетыкай, узгадаў пра Малевіча і Шагала, а потым прызнаў - ён хацеў бы, як творчыя людзі, разумець "чорны квадрат", але можа хіба што захапляцца творчай адвагай.
Зноў пачуліся апладысменты салідарнасці з прэзідэнтам і нязгоды з супрэматыстамі.
А потым Лукашэнка пажадаў фестывалю "дожджыка". Хтосьці здзіўлена глядзеў на сцэну - маўляў, дожджык нам навошта? Лукашэнка растлумачыў - пад навесам амфітэатра дождж не страшны. А калі ён пойдзе ўжо па завяршэнні цырымоніі адкрыцця, Лукашэнка жадае, каб тыя, на каго трапяць кроплі, жылі доўга.
Здзіўленне прайшло і прэзідэнта зноў пачалі здымаць на смартфоны.
Творчая радзіма Павалій
Украінскай выканаўцы Таісіі Павалій Лукашэнка ўручыў узнагароду "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення".
"Таісія? Выдатна! Добра спявае!" - ацанілі выбар прэзыдэнта суседзі карэспандэнта Sputnik.
Сёння ж у амфітэатры адкрылі і сімвалічную зорку Павалій. Але хоць афіцыйна яе імя ўпісалі ў гісторыю фестывалю сёння, на справе ўпісана яно даўно - у 1993 годзе, калі Павалій стала ўладальніцай Гран-пры "Базару" і сёння не аднойчы прызналася яму ў каханні - назвала Беларусь сваёй творчай радзімай і распавяла, што свайго будучага мужа прадзюсара Ігара таксама сустрэла тут.
"Узнагарода для мяне менавіта сёння вельмі важная, і тое, што я атрымліваю яе менавіта на беларускай зямлі вельмі важна, бо менавіта тут робіцца ўсё для міру", - сказала Таісія.
Сёння таксама назвалі імя пераможцы Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск". Ёй стала беларуска Ксенія Галецкая.
Грашовы прыз для юнага музыканта, безумоўна, важны, але акрамя яго Ксеніі ўручылі бронзавую "Ліру". У аснове скульптуры - пляцоўка, якая формай нагадвае амфітэатр у Віцебску, так што забыцца, адкуль на паліцы гэтая статуэтка, канкурсантцы будзе складана і праз гады.
"Апошні мой акорд на гэтай сцэне. У гэтым годзе! Не хвалюйцеся. І не радуйцеся! Ну, хто як", - пажартаваў прэзідэнт, павіншаваў канкурсантаў, прадставіў прэзідэнцкі аркестр і ўрачыста адкрыў гала-канцэрт.
Сам прэзідэнт адправіўся ў ложу. Дырыжор аркестра Віктар Бабарыкін, прызнаўся Лукашэнка, абяцаў яго сёння здзівіць.
"Усяго толькі палюбі"
І Тамара Гвердцытэлі, і хор Свята-Елісавецінскага манастыра Мінска - амаль усе гэтым вечарам спявалі пра каханне. Хор, напэўна, здолеў крануць нават тых, хто ў чацвер вечарам цалкам выпадкова ўключыў "Славянскі базар". А тэкст песні быў вельмі простым: "Всего-то на всего полюби, всего-то на всего не суди, всего-то на всего не грусти, всего-то на всего всех прости".
Далей таксама спявалі пра любоў, але пра розную. Пад песню пра вясну 45-га года кружыліся на сцэне славуты будаўнік Віцебшчыны, герой сацпрацы Генадзь Рамчанка з жонкай Ларысай Пятроўнай. Юлія Быкава спявала пра любоў да радзімы. Ядвіга Паплаўская і Анастасія Ціхановіч - пра любоў да мамы. Ігар Саруханов выйшаў на сцэну і звярнуўся да "дарагіх старых", Алёна Ланская і Таісія Павалій спявалі пра любімых мужчын.
Дзяніс Майданаў са сцэны запэўніваў, што нічога не шкада - "ні агню, ні слоў, калі за мару, калі за каханне". Гурт "Самоцветы" нагадваў, што свет няпросты, але, увогуле-то, куды прасцей, "калі са мной, ты побач са мной".
Калі ў вас яшчэ не пачала прытанцоўваць нага ў такт "Самоцветам", вы валодаеце рэдкай вытрымкай або зусім маладыя.
Вельмі маладыя людзі, дарэчы, на сцэну таксама выходзілі - юны пераможца пятага сезону шоу "Голас" Рутгер Гарэхт, напрыклад, перапеў Гарыка Сукачова.
Лявонцьеў: іду!
"Бацька. Папа. Як гэта выдатна гучыць", - павольна акцэнтуючы кожнае слова зацягнуў вядучы, прадстаўляючы адну з песень.
Камеры здагадліва звярнуліся ў прэзідэнцкую ложу. Вядучы засмяяўся і пацвердзіў - усё правільна зразумелі. Прэзідэнт таксама пасмяяўся. Грымнула песня пра бацькоў і дзяцей.
Наогул у бок прэзідэнцкай ложы звярталіся ў гэты вечар не аднойчы. Музыкі дзякавалі не толькі за сам фестываль, але і за любоў да міру. Ужо пасля канцэрта, абмяркоўваючы нейкія складанасці ў кулуарах, адзін з выканаўцаў сказаў - так трэба прэзідэнту паскардзіцца!
"Не трэба", - супакоілі яго.
І, нарэшце, з'явіўся Лявонцьеў. У свае семдзесят ён стаў адным з двух артыстаў, якія выйшлі гэтым вечарам у залу.
"Іду!" - абвясціў ён, і ахоўнікі расчынілі дзверы.
Ён "даў пяць" тым, хто цягнуў да яго рукі, працягнуў мікрафон публіцы, заклікаючы падпяваць, сабраў кветкі, раздаў іх калегам, танчыў, размаўляў, адным словам, усіх заваяваў і нават за кулісамі апынуўся ў шчыльным коле калег маладзей.
Віктар Бабарыкін, які абяцаў здзівіць прэзідэнта, па меншай меры, гледачоў здзівіў - сёння аркестр сыграў разам з лаўрэатам "Грэмі" піяністам Расада Марлоў, які працаваў у свой час з Рыкі Марцінам.
"Мы атрымалі задавальненне", - сказаў Бабарыкін ужо пасля выступу і параіў гледачам чакаць тэлетрансляцыі іншага канцэрту яго аркестра, які прайшоў 9 ліпеня ля ратушы. Яго, па словах дырыжора, назвалі сенсацыяй. Аматары спалучэнняў класікі і рока - не прапусціце.
Сіднэй на беразе Дзвіны
А з карэспандэнтам Sputnik госці абмяркоўвалі яшчэ і сваю любоў да Віцебска.
У амфітэатры шмат разоў паўтарылі, што "Славянскі базар" - больш, чым фестываль, і Sputnik вырашыў высветліць, дзеля чаго госці год за годам летам прыязджаюць у Віцебск.
Наталля Васільеўна з Расіі - са Смаленска. Паездка ў Віцебск - падарунак ад дачкі Ірыны. Наталля чакае выступу Дзяніса Майданава, Стаса Міхайлава, шоу-балета "Тодэс".
Яна з дачкой ужо паспела і беларускую кухню пакаштаваць. Перш за ўсё, не спрачаючыся, прайшліся па класіцы - замовілі дранікі.
"Віцебск выдатны горад, я была тут 40 гадоў таму ў студэнцкія гады, і з таго часу ён яшчэ папрыгажэў", - распавяла Наталля Васільеўна.
А шлях Ірыны да "Славянскага базару" быў не вельмі доўгім, яна з сям'ёй прыехала з Мінска і фестываль лічыць выдатным падставай паглядзець на Віцебск. І прыкупіць што-небудзь ад беларускіх майстроў - вось, вяночак, напрыклад.
Вольгу запрасілі беларускія сваякі. Сама яна нарадзілася ў Беларусі, але выйшла так, што жыць тут Вользе не давялося. Затое прыязджае часта і ў Маскве ўсім нахвальвае беларускія прадукты.
Калі паглядзець на кадры феерверка над амфітэатрам, Віцебск падасца падобным да Сіднэю ў дні святкавання новага года. Зрэшты, ёсць і іншае падабенства з зімовым святам - усё пачынаецца з прамовы прэзідэнта, потым выступае Валерый Лявонцьеў, а Стас Міхайлаў нават спявае песню пра снег. Сканчаюць святкаваць за поўнач. Установы грамадскага харчавання абслугоўваюць наведвальнікаў ва ўзмоцненым рэжыме, і танцораў, якія нядаўна скончылі выступ, можна ўбачыць у чарзе за шаурмой.
"Мы на гала-канцэрце яшчэ не выступалі, толькі ў канцэртнай зале", - дзеліцца з карэспандэнтам Sputnik адна з танцорак.
"Яна маленькая яшчэ", - падтакваюць яе таварышы ў чарзе.
"Але ў тым годзе мы з Ярмоленка выступалі!" - дадае юная артыстка і, скончыўшы на сёння з мастацтвам, дазваляе сабе, як і астатнія, сканцэнтравацца на шаурме.