МІНСК, 15 ліп - Sputnik. Няўдачы канцоўкі ралі-рэйду "Шаўковы шлях-2019" для каманды "МАЗ-СПОРТаўта" не скончыліся пераваротам Вязовіча - дзявяты этап скончыў толькі адзін каміён "Чырвоных зуброў" - экіпаж Аляксандра Васілеўскага, паведаміла прэс-служба "стайні".
Перадапошні этап каманда назвала адным з самых складаных - гоншчыкі рухаліся па маршруце, пракладзеным праз высокія дзюны пустыні Гобі. У грузавым заліку па выніках этапу першыя тры месцы - у экіпажаў "КАМАЗ-майстар": Антона Шыбалава, Андрэя Каргінава і Айрата Мардзеева.
Аляксандр Васілеўскі прывёў свой МАЗ да фінішу пятым, па выніках жа ўсіх этапаў беларускі экіпаж знаходзіцца на шостым месцы, прайграючы лідару больш за пяць гадзін.
Не скончыў этап другі пакінуты ў гонцы МАЗ - Аляксей Вішнеўскі раптам застаўся без поўнага прывада. Так як працягваць гонку на "перадку" было бессэнсоўна, каміён адправіўся на старт спецучастка і на бівуаках наступнага этапу ён дабіраецца па трасе. Беларусы атрымаюць 100-гадзінны штраф, але адрамантуюцца і змогуць выйсці на старт апошняга этапу.
Напярэдадні сышоў экіпаж на той момант лідара заліку грузавікоў - Сяргея Вязовіча на капотным МАЗе. Каміён перавярнуўся пры спуску з выдмы і атрымаў пашкоджанні, з якімі ўжо нельга было працягваць спаборніцтва.
Апошні этап "Шаўковага шляху" пройдзе 16 ліпеня і фінішуе ў Дуньхуане. Экіпажам трэба пераадолець 255-кіламетровы спецучастак і ён, як запэўніваюць у камандзе, таксама будзе няпростым, бо маршрут пракладзены па перадгор'ях.