МІНСК, 16 ліп - Sputnik. У Мінску ў наступным годзе да Дня Незалежнасці Ашчадбанк адкрые фантан па асабістай просьбе Аляксандра Лукашэнкі, распавёў кіраўнік расійскага банка Герман Грэф.
Паводле яго слоў, падчас сустрэчы з прэзідэнтам Беларусі абмяркоўваліся тры ключавыя тэмы: правядзенне ў Мінску Ашчадбанкіяды, работу банка на беларускім рынку і ўкараненне найноўшых тэхналогій.
"На працягу гэтага тыдня мы праводзім нашы ўнутраныя Алімпійскія гульні пад назвай Ашчадбанкіяда. Сёння з 17 краін больш за тры тысячы супрацоўнікаў банка (нашых спартсменаў) і ўсё кіраўніцтва банка прыляцелі ў Мінск на правядзенне Ашчадбанкіяды", - сказаў старшыня расійскага банка.
На спаборніцтвах прадстаўлены практычна ўсе алімпійскія віды спорту: пачынаючы ад шахмат і заканчваючы сквошам. Спартсмены будуць спаборнічаць у беларускай сталіцы да суботы.
"Мы раней не маглі праводзіць падобнага роду спаборніцтвы ў Мінску, таму што тут не хапала інфраструктуры. Пры падрыхтоўцы да Еўрапейскіх гульняў у Мінску створана добрая інфраструктура міжнароднага ўзроўню. Цяпер яна дазваляе прымаць практычна любыя спаборніцтвы", - адзначыў Герман Грэф.
У сваёй працы ў Беларусі Ашчадбанк меў пэўныя складанасці, якія сталі хвастом ад папярэдняга эканамічнага крызісу.
"У апошні год мы сур'ёзна выправілі сітуацыю. Зараз наш бізнес уваходзіць у рэгулярную, звычайную сістэму. Таму мы дамовіліся, што на працягу наступнага года будзем асаблівую ўвагу надаваць трансферу тэхналогій на беларускі рынак. Мы будзем развіваць тут новую прадуктовую лінейку", - падзяліўся планамі кіраўнік Ашчаднага банка.
"Мы адны з найбуйнейшых замежных інвестараў у Беларусі. Мы інвеставалі каля чатырох мільярдаў долараў", - нагадаў Герман Грэф.
Новы трэнд
Паводле яго слоў, беларускі прэзідэнт актыўна цікавіцца новымі тэхналогіямі. Расійскі банк з'яўляецца адным з лідараў у гэтым кірунку на рынку.
"Мы актыўна інвестуем у адукацыю, што асабліва было цікава прэзідэнту. Я падрабязна расказаў аб стварэнні адукацыйнай платформы ў Расіі, у якую мы інвестуем як у наш дабрачынны праект. Гэта адукацыйная платформа для сярэдніх школ", - сказаў расійскі банкір.
Ашчадбанк распрацаваў тэхналогію, якая аб'ядноўвае святло, гук, ваду і малюнак з адукацыйнай функцыяй. "Мы прыдумалі такі колера-музычны адукацыйны фантан. У свеце ёсць новы трэнд, калі адукацыя аб'ядноўваецца з забаўкай", - адзначыў Герман Грэф.
"Аляксандр Рыгоравіч даведаўся і папрасіў нас стварыць такі фантан у Мінску. Мы сёння дамовіліся, што будзе выпушчаны ўказ і да 3 ліпеня наступнага года мы кінем усе сілы, каб рэалізаваць гэты праект да Дня Незалежнасці Беларусі", - распавёў ён.
Пры гэтым ён не стаў раскрываць падрабязнасці праекта, але запрасіў усіх прыйсці ў наступным годзе на свята і паглядзець на фантан. Праўда, кіраўнік Ашчадбанка не змог сказаць, дзе ён будзе, таму што дрэнна знаёмы з лагістыкай горада.