Чатыры беларускія танкі ў жніўні прымуць удзел у міжнародных спаборніцтвах па танкавым біятлоне, якія адбудуцца на падмаскоўным палігоне Алабіно.
Камандзір аднаго з экіпажаў прапаршчык Сяргей Міхно ў танкавым біятлоне ўдзельнічае ўжо ў чацвёрты раз - прайшоў праз этапы спаборніцтваў унутры Беларусі, цяпер павядзе танк у "бой" на палігоне пад Масквой.
"Лепш праводзіць такія вайсковыя гульні, чым на поле бітвы высвятляць, чыя армія лепш", - перакананы Міхно.
Яго экіпаж прыехаў у офіс кампаніі Wargaming, пагуляў у камп'ютарную гульню "World of Tanks" і распавёў журналістам пра тое, наколькі цяжкім абяцае быць танкавы біятлон у Алабіна ў гэтым годзе.
"Танк - гэта танк"
Да спаборніцтваў пачынаюць рыхтавацца з мая - пасля святкавання Дня Перамогі. Але спачатку праходзіць конкурс сярод танкістаў унутры Беларусі, так што ў цэлым падрыхтоўка да біятлону доўжыцца ад трох да пяці месяцаў.
Калі лепшыя танкісты вызначаны, з іх фармуюць экіпажы - камандзір танка, наводчык гарматы і механік-кіроўца. За час падрыхтоўкі спрабуюць скампанаваць максімальна зладжаную каманду. Танкісты праводзяць у машыне ў сярэднім тры-чатыры гадзіны ў дзень.
"Гэта ваенная тэхніка, камфорт мінімальны. Так, ёсць мяккае сядзенне, але ўсё астатняе жалезнае. Душна, кандыцыянера няма. Але вы бачыце - усе жывыя. І калі холадна, не змерзнеш, сістэма абагравання ёсць", - кажа Міхно.
На нязручныя машыны танкісты не скардзяцца. "Любы танкіст мяне падтрымае - калі садзішся ў танк, заўсёды ідзе выкід адрэналіну. Гэта як з парашутам скакаць: колькі разоў ні скачы - заўсёды будзе адрэналін. Гэта стан душы", - сказаў прапаршчык.
"Заўсёды будзе хацецца праехаць на танку", - кажуць яго калегі.
"Танк - гэта моц. Танк - гэта танк, тут больш нічога не скажаш", - патлумачыў вадзіцель-механік Сяргей Галуза.
Раней удзел у спаборніцтвах прымалі і салдаты тэрміновай службы, але ў гэтым годзе замест іх - кантрактнікі, у іх больш вопыту. Адслужыць, але застацца ў камандзе па танкавым біятлоне, нельга. А вось два салдаты тэрміновай службы ў гэтым годзе засталіся служыць па кантракце, каб працягваць падрыхтоўку.
Грамадзянскія на палігоне
З кожным годам удзельнічаць у спаборніцтвах па танкавым біятлоне ўсё складаней, кажа Галуза.
"Конкурс набірае папулярнасць, усе танкісты - лепшыя ў сваёй краіне, адданыя сваёй прафесіі", - растлумачыў Міхно.
За танкістаў будуць заўзець іх сваякі і сябры. Жонка камандзіра паедзе на палігон у Падмаскоўі, сын будзе заўзець віртуальна - паглядзіць трансляцыю ў інтэрнэце. Падтрымліваць наводчыка Арцёма Адаміна адправіцца яго дзяўчына, за кіроўцу Галузу будзе заўзець брат.
Самім жа танкістам засталося загрузіць машыны на чыгуначную платформу - беларуская каманда будзе выступаць на ўласных танках Т-72 Б3.
Са сваёй тэхнікай будуць таксама танкісты з Расіі і Кітая, астатнія выступяць на танках, прадастаўленых арганізатарамі - на расійскіх. У канцы чэрвеня ў Падмаскоўе адправяць танкі, а за імі рушаць услед і экіпажы - да 3 жніўня яны будуць рыхтаваць машыны.
Замест тысячы баёў
Танкісты пасядзелі за штурвалам віртуальнага танка. Кажуць, адрэналіну таксама хапае, але ў рэальнай машыне адчуванні ўсё ж іншыя. Зрэшты, авалодаць віртуальным танкам нават у прафесіянала атрымоўваецца не адразу.
Салдаты тэрміновай службы навучаюцца пяць месяцаў - за гэты час ім даюць пачатковыя навыкі спецыяльнасці. А каб стаць добрым гульцом у WoT, спатрэбілася, кажа Галуза, з тысячу баёў.