МІНСК, 21 ліп - Sputnik. Футбольны клуб "Дынама-Брэст" зноў узначаліў турнірную табліцу чэмпіянату Беларусі пасля перамогі над "Тарпеда-БелАЗ", перадае Sputnik.
Брастчане ў стартавым матчы другога круга на хатнім полі абгулялі гасцей з Жодзіна з лікам 4:1.
Першы гол у сустрэчы забіў "тарпедавец" Марка Абрадовіч на сёмай хвіліне, аднак ужо праз 16 хвілін лік зраўняў Кікі Габі і далей госці толькі прапускалі. Яшчэ тры галы ў вароты гасцей забілі Арцём Мілеўскі (67), Раман Юзэпчук (87) і Аляксей Хабаленка (93).
У турнірнай табліцы чэмпіянату Беларусі брэсцкае "Дынама" зноў утрымлівае першынство - у каманды 39 ачкоў. На другім месцы - барысаўскі БАТЭ (37), затым "Шахцёр" (31).
У нядзелю пройдзе яшчэ адзін матч 16-га тура - сустрэнуцца "Віцебск" і "Мінск".