На фестываль "SHIMKO збірае сяброў" прыехала шмат гасцей, у тым ліку галівудская зорка Стывен Сігал, перадае карэспандэнт Sputnik. Зорны госць з'явіўся на мерапрыемстве пасля абеду, але спачатку вырашыў перакусіць у адной з палатак. Пакуль ён падсілкоўваўся, людзі на фэсце ўжо адрываліся ў стылі ЗОЖ.
У здаровым целе
Фестываль задумваўся як парк забаў, які быў бы цікавы для ўсіх. Таму яго падзялілі на тры складнікі - спорт, канцэртную праграму і пляжны адпачынак. І праводзілі ў новым месцы.
"Замена лакацыі звязана з тым, што падзея расце, набірае абароты. Гэта адзіны ў рэспубліцы фестываль, які вызнае сямейныя каштоўнасці, яднанне культур, спорту і актыўнасці. Месца, дзе гэта праходзіць - парк "Дуброва - характэрна тым, што там знаходзіцца шыкоўнае возера, якога не хапала на Іслачы (там фестываль праходзіў раней - Sputnik)", - распавёў Шымко.
У выніку многія прыехалі з намётамі, каб правесці ля вады ўсе выхадныя. Тут можна было катацца на лодках, гідрацыклах і катамаранах. Спецыяльна для гасцей таксама ўсталявалі батуты, каруселі і разнастайныя спартыўныя аб'екты, а таксама фуд-корт.
Весяліць зорку
Але не толькі актыўным адпачынкам жылі турысты на беразе Дуброўскага вадасховішча. Многія вельмі чакалі візіту Стывена Сігала, які прыехаў у Беларусь па запрашэнні Кірыла Шымко. Пакуль людзі збіраліся ля сцэны, амерыканскага акцёра забаўляў сам беларускі асілак. Каб уразіць госця, Шымко паказаў Стывэну пару сваіх фірмовых трукаў - надзьмуў грэлку, парваў шматстаронкавы каталог і разарваў ланцуг. Сігал быў вельмі здзіўлены моцы беларускага атлета.
Затым кіназорка ў суправаджэнні аховы адправілася на сцэну. Там Стывен сеў у мяккае крэсла і паўгадзіны адказваў на пытанні публікі. Ён распавёў аб баявых мастацтвах, каранях, якія ёсць і ва Уладзівастоку, і ў Мінску. А адзін хлопец з натоўпу папрасіў Сігала паказаць ня ім які-небудзь прыём, на што акцёр сказаў, што не хоча нікога траўмаваць. Успомніў ён і пра візіт у Мінск, сустрэчы з прэзідэнтам Беларусі, якая адбылася тры гады таму. Тады ўсе ўбачылі, як Сігал есць моркву разам з Аляксандрам Лукашэнкам.
"Перш за ўсё, мы не толькі моркву елі, але шмат рознай гародніны, якую ён вырошчвае. Морковка - гэта проста адна фатаграфія, якую распаўсюдзілі СМІ", - распавёў майстар баявых мастацтваў.
Пасля размовы з людзьмі Стывен яшчэ трохі пагуляў па фестывальных лакацыях і з'ехаў адпачываць. А людзі працягнулі адпачываць і забаўляцца каля сцэны і ля вады.
Забавы ў стылі рок
Дарэчы, сцэна на фестывалі працавала ў рэжыме нон-стоп. З 7 да 12 вечара ішла канцэртная праграма, а затым дыскатэка да трох гадзін ночы. І калі ў мінулыя гады арганізатары арыентаваліся на хіты 80-90 і 2000-х, то цяпер вырашылі стаць сучасней. Днём выступала шмат маладых рэп-выканаўцаў, як беларускіх, так і замежных. А ўвечары ў суботу ўсе запальвалі разам з Лерай Яскевіч і групай Nizkiz. Але каб выраўнаваць сувязь пакаленняў, са сцэны прагучалі і хіты гурта Queen.
Таксама ўсе выхадныя на сцэне праходзілі розыгрышы, прэзентацыі нацыянальных культур, арганізаваныя пасольствамі замежных дзяржаў у Беларусі і многае іншае.
"Вельмі добры фестываль, выдатна, што праходзіць цяпер побач з маёй вёскай. Мы прыйшлі ўсёй сям'ёй, а Кірыл Шымко малайчына", - распавёў тэлевядучы Вадзім Галыгін, якога таксама можна было сустрэць на фэсце.
Дарэчы, на першым фестывалі "SHIMKO збірае сяброў" пабывалі 5 тысяч чалавек, на другім - 7 тысяч. У гэтым годзе арганізатары кажуць, што фестываль наведалі больш за 10 тысяч гасцей.