МІНСК, 22 ліп - Sputnik. "Закон аб адтэрміноўцы" не вырашыць праблему прызыву ў беларускае войска, а толькі пацягне за сабой новыя сацыяльныя і эканамічныя цяжкасці, пра гэта заявіла дэпутат Ганна Канапацкая ў гутарцы з карэспандэнтам Sputnik.
Нагадаем, спрэчны закон "аб адтэрміноўцы", які прадугледжвае новыя правілы прызыву ў войска, быў прыняты ў другім чытанні 28 чэрвеня. Законапраект, які змяняе парадак прадастаўлення адтэрміновак ад службы ў войску на адукацыю, быў унесены ў Палату прадстаўнікоў у 20-х днях чэрвеня, а праз некалькі дзён ён прайшоў першае чытанне, і большасць парламентарыяў яго падтрымалі. Адзіным дэпутатам, які ўнёс свае папраўкі ў законапраект, стала Ганна Канапацкая, аднак яны не ўвайшлі ў выніковы дакумент у поўным аб'ёме.
Не колькасць, а якасць
Ганна Канопацкая прапанавала каля 4-5 паправак у законапраект, аднак тыя, якія былі прынцыповымі і патрабавалі згоды прэзідэнта, у выніку не ўлічылі. Пры гэтым важным дасягненнем стаў пункт, які пазбаўляе ваенкаматы правы вінаваціць прызыўнікоў ва ўхіленні ад войска.
"Цяпер устанавіць факт ухілення ад войска можа толькі суд. У першапачатковым праекце дакумента гэтая функцыя ўскладалася на ваенкаматы, але, з майго пункту гледжання, гэта і карупцыйная схема, і не заўсёды ў прадстаўнікоў абароннага ведамства ёсць магчымасць дакладна ўстанавіць усе акалічнасці справы. Чалавек не можа быць прызнаны вінаватым у тым ці іншым правапарушэнні акрамя як па рашэнні суда - гэта канстытуцыйнае правіла. І ваенкамат да гэтага дачынення не мае", - патлумачыла сваю пазіцыю дэпутат.
Гэтую папраўку прынялі, але яна не вырашыць увесь комплекс праблем, якія спародзіць гэты законапраект.
"Я руплюся за незалежнасць, за суверэнітэт Беларусі, за бяспеку грамадзян, але я разумею, што гэты закон не вырашае гэтыя праблемы. Тое, што ў нас неабходна рэфармаваць армію, зразумела ўсім, акрамя Міністэрства абароны. А ведамства спрабуе кропкавымі метадамі, якія, з майго пункту гледжання, у нейкай ступені ўшчамляюць канстытуцыйныя правы, заткнуць дзіркі", - адзначыла Канапацкая.
Парламентарый цікавілася меркаваннем міністра абароны па гэтым пытанні і перакананая, што прыняцце закона "аб адтэрміноўцы" праблему прызыву не вырашае.
"Усё роўна ў войску будзе недакамплект. На двары XXI стагоддзе, і не колькасць чалавек вырашае, а якасць. Цяпер такая тэхніка - звышгукавыя самалёты, ракеты, што не пяхота, у выпадку чаго, будзе абараняць краіну. Сёння бяспека дзяржавы больш залежыць ад эканамічнага патэнцыялу, чым ад колькасці ўзброеных сілаў", - канстатавала яна.
Па словах Ганны Канапацкой, ёсць яшчэ адзін аспект, які не ўлічвалі пры прыняцці новага законапраекта.
"У Беларусі ўвогуле, і ў Мінабароны у прыватнасці існуе спіс забароненых прафесій для жанчын. Можа, варта прыбраць яго, і тады хтосьці з дзяўчынак, з жанчын захоча ісці ў войска?" - задае пытанне дэпутат.
Закон пацягне шэраг праблем
Ганна Канапацкая перакананая, што "Закон аб адтэрміноўцы" пацягне за сабой шэраг праблем.
"Калі пакласці на адну чашу вагаў плюсы гэтага закона - абараназдольнасць і бяспеку, а на другую - усе мінусы, я лічу, мінусы пераважаць. Мы страцім моладзь, асабліва тых дзяцей, хто хоча развівацца ў навуцы, - яны проста з'едуць з краіны. Будзе таксама вялікая колькасць ускосных страт: напрыклад, мы страцім навуковы патэнцыял, працоўную сілу - а гэта недаатрыманыя падаткі, скарачэнне адлічэнняў у пенсійны фонд. Стане менш кваліфікаваных рабочых, такім чынам, упадзе прадукцыйнасць працы", - пералічвае парламентарый.
Закон закране не толькі былых студэнтаў, якія збіраюцца паступаць у магістратуру і аспірантуру і звязаць сваё жыццё з навукай, але і школьнікаў.
"Ёсць школьнікі, якія ідуць спачатку ў ССНУ, там ім спаўняецца 18 гадоў, яны атрымліваюць першую адтэрміноўку і далей ужо не могуць адразу ісці ў ВНУ. Цяпер час тэхналогій, і калі ты нешта прапусціш, не прачытаеш, то ты будзеш адсталым. А ў нас у войску доступу да інфармацыі паўнавартаснага няма", - канстатуе дэпутат.
Яшчэ адна немалаважная праблема - гэта ўзмацненне карупцыйнага складніка з прыняццем закона. "Акрамя падрыву даверу грамадзян не толькі да войска, але і ў цэлым да дзяржавы", - адзначыла Канапацкая.
Што чакае ўхілістаў
Паводле новага закона, кожны грамадзянін, які будзе прызнаны ўхілістам, будзе адчуваць наступствы гэтага ўсё астатняе жыццё.
"Чалавек не зможа займаць пасады на дзяржаўнай службе, паступіць на працу ў сілавыя ведамствы або МНС на працягу ўсяго жыцця. А калі чалавек у 27 гадоў зразумеў, што ён здзейсніў памылку? Як ён яе выправіць?" - задаецца пытаннямі Канапацкая.
Ёсць і яшчэ адна праблема, якая можа з'явіцца ў выніку прыняцця закона, калі будзе рэфармавана сістэма адміністрацыйна-тэрытарыяльнага кіравання.
"У нас усе чыноўнікі на ўзроўні старшыняў выканкамаў і іх намаў з'яўляюцца ваеннаабавязанымі і кіраўнікамі тэрытарыяльных цэнтраў абароны. А калі гэтыя пасады стануць выбарнымі пасля правядзення адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы? Калі людзі абяруць чалавека, які прызнаны ўхілістам, як на гэта можна паўплываць? Забараніць балатавацца ім не могуць - гэта Канстытуцыя. Гэта прававая калізія", - адзначае дэпутат.
Закон быў прыняты вельмі хутка, таму, на думку Ганны Канппацкой, цалкам ацаніць наступствы гэтага кроку можна будзе толькі праз некаторы час.