МІНСК, 29 ліп - Sputnik. Жоўты ўзровень небяспекі аб'яўлены ў Беларусі на панядзелак 29 ліпеня з-за навальніц і моцнага ветру, паведамілі ў нядзелю ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя.
Гарачае надвор'е ўсталявалася ў Беларусі ў канцы тыдня: месцамі тэмпература паветра ў нядзелю 28 ліпеня перавысіла адзнаку +30°С. Аднак сіноптыкі папярэджваюць, што гэта пацяпленне будзе зусім непрацяглым - ужо праз некалькі дзён зноў пахаладае.
"У панядзелак 29 ліпеня месцамі чакаюцца навальніцы. Днём пры навальніцах у асобных раёнах узмацненне ветру парывамі 15-20 метраў у секунду", - сказалі ў Гідрамеце.
Там таксама паведамілі, што на поўдні Беларусі ў першы дзень тыдня максімальная тэмпература паветра дасягне +32°С.