МІНСК, 31 ліп - Sputnik. Чвэрць беларускіх дзесяцікласнікаў лічаць прадмет "матэматыка" складаным для вывучэння, адпаведныя дадзеныя прыводзяцца ў рэкамендацыях па выніках рэспубліканскай кантрольнай работы па дысцыпліне.
Вынікі рэспубліканскай кантрольнай работы па матэматыцы, якая праводзілася ў гэтым годзе сярод дзесяцікласнікаў, прааналізавалі спецыялісты Нацыянальнага інстытута адукацыі.
Згодна з вынікамі кантрольнай, большасць школьнікаў, якія вывучаюць матэматыку на базавым узроўні, маюць адзнакі ад пяці да васьмі балаў: 83,2%. Сярод тых, хто вывучае прадмет на павышаным узроўні большасць мае ад сямі да дзесяці - 87,3%.
Цікава, што з дзясятым заданнем кантрольнай работы справіліся толькі 1,6% хлопчыкаў і дзяўчынак. Трэць вучняў дапусцілі памылкі ў вылічэннях, а дзве траціны і зусім не браліся за рашэнне.
Акрамя таго, паводле вынікаў анкетавання, матэматыку складанай для сябе назвалі 24,6% дзесяцікласнікаў.
Часцей за ўсё свае цяжкасці рабяты звязваюць з "няздольнасцю самастойна разабрацца з навучальным матэрыялам" (26,2%) і ўласнай лянотай і неарганізаванасцю (26,7%). Таксама дзесяцікласнікі наракаюць на пропускі заняткаў, вялікі аб'ём інфармацыі і занадта хуткі тэмп заняткаў.
Пры гэтым, паводле дадзеных НІА, крыху больш за палову апытаных педагогаў звязваюць цяжкасці дзесяцікласнікаў з частымі пропускамі вучэбных заняткаў. Амаль 75% педагогаў таксама адзначаюць нізкую матывацыю школьнікаў.