Усебеларускі хрэсны ход пройдзе ад заходніх да ўсходніх межаў Беларусі

© Sputnik / М. Юрченко / Перайсці ў медыябанкСпаса-Еўфрасінеўскі манастыр у Полацку
Спаса-Еўфрасінеўскі манастыр у Полацку - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Гэта будзе другі па ліку хрэсны ход - першы быў арганізаваны Беларускім экзархатам амаль 10 гадоў таму.

МІНСК, 1 жні - Sputnik. Усебеларускі хрэсны ход, прымеркаваны да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пройдзе 2 жніўня - 6 верасня, паведамілі ў БПЦ.

У дзень святога Хрыстафора ў Касцёле Маці Божай Будслаўскай асвячалі транспартныя сродкі - Sputnik Беларусь
Фотафакт: у касцёлах асвяцілі аўтамабілі і дабраславілі кіроўцаў

Правядзенне хрэснага ходу, які блаславіў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павал, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, прымеркавана не толькі да 75-годдзя вызвалення Беларусі, але і да 180-годдзя Полацкага Сабора, які ўз'яднаў беларускіх уніятаў з праваслаўнай царквой.

"Хрэсны ход пачнецца 2 жніўня з Берасця пасля богаслужэння ў Свята-Афанасьеўскім манастыры. Плануецца, што на 10 жніўня пілігрымы дойдуць пешшу да Успенскага Жыровіцкага манастыра", - паведамілі Sputnik ў чацвер у Беларускім экзархаце.

На шляху паломнікаў найбольш значнымі населенымі пунктамі ў жніўні стануць Пружаны, Карэлічы і Заслаўе.

На пачатку верасня вернікі накіруюцца праз Докшыцы і Ушачы да Полацка. Ужо 6 верасня пілігрымы наведаюць Полацкі Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр. Увесь хрэсны ход будзе пешым, яго ўдзельнікі будуць спыняцца на адпачынак і начлег у бліжэйшых пасёлках і вёсках, дзе пройдуць малебны і набажэнствы.

Па словах святароў, агульная працягласць хрэснага ходу складае каля 620 кіламетраў.

Першы Усебеларускі хрэсны ход быў арганізаваны ў 2011 годзе і доўжыўся амаль тры месяцы, яго працягласць склала 1380 кіламетраў. На розных адрэзках склад удзельнікаў мяняўся ад 10 да 200 чалавек, а чатыры паломнікі прайшлі ўвесь шлях.

У Беларускай праваслаўнай царкве адзначылі, што збіраюцца зрабіць Усебеларускі хрэсны ход штогадовым.

У праваслаўнай традыцыі хрэсны ход - гэта ўрачыстае царкоўнае шэсце з вялікім крыжом, абразамі і харугвамі вакол храма або ад аднаго месца да іншага. Хрэсны ход вакол храма звычайна здзяйсняецца падчас вялікіх царкоўных святаў, аднак часта раней яго ладзілі падчас бедстваў і войнаў. У XX стагоддзі з'явіліся некананічныя віды хрэснага ходу, калі святары з абразом, часцей цудатворным, абляталі на самалёце пэўныя тэрыторыі.

Стужка навiн
0