Сёння спаўняецца 175 гадоў з дня нараджэння знакамітага мастака Іллі Рэпіна. Рускі жывапісец нарадзіўся ў 1844 годзе ў Харкаўскай губерніі, у сям’і салдата ўланскага палка. Ён захапіўся мастацтвам з самага дзяцінства, калі стрыечны брат прынёс дадому акварэльныя фарбы.
Ужо ў 13 гадоў Ілля Рэпін пачаў працаваць ў майстэрні, дзе стваралі абразы. Чуткі пра маладога, але вельмі таленавітага мастака, хутка разляцеліся па акрузе і праз некаторы час ён накіраваўся ў Санкт-Пецярбург, дзе ўладкаваўся ў Акадэмію мастацтваў.
Прызнанне як самастойнага і сталага мастака Ілля Рэпін атрымаў, дзякуючы карціне "Бурлакі на Волзе", працу над якой ён скончыў у 1873 годзе. Праз дзевяць год пачаўся пецярбургскі перыяд творчасці Рэпіна – у гэтыя часы з’яўляюцца такія знакамітыя палотны як "Іван грозны і яго сын", "Не чакалі", "Запарожцы пішуць ліст турэцкаму султану" і астатнія.
У 1894 годзе Рэпін узначальваў жывапісную майстэрню ў Акадэміі мастацтваў, выпускніком якой быў і сам. Апошнія 30 гадоў жыцця мастак правёў маёнтку Пенаты ў Фінляндыі. Ён памёр 29 верасня 1930 года.
Беларусь у творчасці мастака
У сваёй сядзібе ў Здраўнёва Ілля Рэпін правёў восем летніх сезонаў – з 1892 па 1900 гады. Тут ён намаляваў больш за 40 палотнаў, эскізаў і малюнкаў.
Сёння на гэтым месцы – у 15 кіламетрах ад Віцебска - знаходзіцца музей-сядзіба. Чаму мастак набыў тут дом, хаця доўгі час заглядаўся на сядзібу каля Санкт-Пецярбурга, застаецца загадкай. Але ўжо потым Рэпін неаднойчы казаў, што яго скарылі прыгажосць мясцін, працавітасць і сардэчнасць народа, які адкрыў яму свет сваіх традыцый і паданняў.
У адным са сваіх лістоў ён пісаў пра Віцебшчыну так: "Край цёплы, народ разнастайны".
Добрым словам узгадвалі яго і жыхары гэтага краю: мясцовай царкве ён падарыў два абразы, якія зараз знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.
З 1901 года мастак рэдка прыязджаў у Здраўнёва, апошні раз ён быў тут у 1904 годзе. Пасля рэвалюцыі сядзіба стала пастаянным месцам жыхарства для сям’і малодшай дачкі мастака Таццяны. Тут нарадзіліся ўнукі і праўнукі знакамітага мастака, але падчас рэпрэсій і ім прыйшлося з’ехаць.
Сёння музея-сядзіба Здраўнёва называюць "маленькай Траццякоўкай". У музеі захоўваюцца рэчы Іллі Рэпіна і працягвае разрастацца ліпавая алея, якую сваімі рукамі пасадзіў сам мастак.
У 2011 годзе сядзібу наведвалі нашчадкі Рэпіна – з Францыі прыехалі яго прапраўнукі.