МІНСК, 7 жні - Sputnik. Нацыянальны банк Беларусі знізіў стаўку рэфінансавання да мінімальнага за гісторыю краіны значэння, паведамілі ў сераду ў прэс-службе рэгулятара.
Пытанне зніжэння стаўкі рэфінансавання разгледзела праўленне Нацбанка ў сераду.
"З 14 жніўня 2019 года стаўка рэфінансавання зніжаецца з 10 да 9,5% гадавых, стаўка па крэдыце овернайт - з 11,5 да 10,75% гадавых, стаўка па дэпазіце овернайт - з 8,5 да 8,25% гадавых" , - паведамілі ў рэгулятары.
Запавольванне інфляцыі
Як растлумачылі ў прэс-службе Нацбанка, у другім квартале інтэнсіўнасць інфляцыйных працэсаў запаволілася.
"Ацэнка прыросту спажывецкіх коштаў з выключэннем сезоннасці за II квартал 2019 года паказвае яго зніжэнне ніжэй за мэтавы ўзровень 5% (на працягу папярэдніх трох кварталаў прырост знаходзіўся вышэй за дадзены параметр)", - адзначылі ў Нацбанку.
Прыняцце рашэнняў у галіне працэнтнай палітыкі, дадалі ў рэгулятары, забяспечвае захаванне яе нейтральнага характару ва ўмовах прагназуемага запавольвання інфляцыйных працэсаў і дасягненне пастаўленай мэты па інфляцыі на 2019 год.
"Зніжэнне ставак па крэдыце овернайт і дэпазіце овернайт забяспечыць звужэнне калідора працэнтных ставак па інструментах рэгулявання ліквіднасці банкаў і будзе спрыяць павышэнню эфектыўнасці трансмісійнага механізму грашова-крэдытнай палітыкі", - дадалі ў Нацбанку.
Далейшыя рашэнні рэгулятара ў галіне ключавых працэнтных ставак Нацбанк будзе прымаць у залежнасці ад інфляцыйных і дэфляцыйны фактараў. Наступнае пасяджэнне праўлення рэгулятара па грашова-крэдытнай палітыцы пройдзе 6 лістапада.
Гэта рэкорд
Стаўка рэфінансавання ні разу ў гісторыі незалежнай Беларусі не апускалася ніжэй за 10%.
Стаўка рэфінансавання - гэта працэнт, пад які Нацбанк выдае крэдыты камерцыйным банкам. Зніжэнне паказчыка кажа аб павелічэнні прыбытковасці саміх банкаў і пра тое, што яны могуць прадастаўляць больш даступныя крэдыты насельніцтву. Аналітыкі сцвярджаюць, што са зніжэннем стаўкі эканамічны рост паскараецца.