МІНСК, 8 жні - Sputnik. Бязвізавыя турыстычныя зоны ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях аб'яднаны і пашыраны, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы напярэдадні.
Адпаведнае рашэнне замацавана ўказам прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, які ён падпісаў у сераду 7 жніўня.
"Дзве бязвізавыя зоны для турысцка-рэкрэацыйных тэрыторый Брэста і Гродна цяпер аб'ядноўваюцца ў адну бязвізавую тэрыторыю "Брэст - Гродна", - сказалі ў прэс-службе.
Там таксама паведамілі, што новая зона пашырана за кошт пяці раёнаў Гродзеншчыны - Бераставіцкага, Ваўкавыскага, Воранаўскага, Лідскага і Шчучынскага.
Акрамя таго, у новай зоне час знаходжання замежных турыстаў без віз павялічаны да 15 сутак, а заехаць у Беларусь яны змогуць праз два дадатковыя пункты пропуску - "Бераставіца" і "Беняконі". Замежныя госці могуць ездзіць па ўсёй тэрыторыі дзвюх абласцей, калі яны прыбылі ў рэспубліку ў складзе арганізаваных турыстычных груп і па маршрутах, якія прадугледжваюць наведванне бязвізавай зоны "Брэст - Гродна".
У прэс-службе адзначылі, што прыняцце гэтага дакумента - гэта прыклад прыязнага і адкрытага характару знешняй палітыкі рэспублікі. Указ таксама дапаможа зрабіць Беларусь больш прывабнай для турыстаў і будзе спрыяць развіццю эканомікі памежжа.
Новыя правілы наведвання турыстамі Брэсцкай і Гродзенскай абласцей пачнуць дзейнічаць праз тры месяцы пасля апублікавання ўказа.
Нагадаем, што ў цяперашні час для грамадзян больш за 80 дзяржаў захоўваецца 30-дзённы бязвіз пры ўмове прыбыцця іх у краіну праз Нацыянальны аэрапорт Мінск.