МІНСК, 20 жні - Sputnik. Упраўленне ваенна-паветраных сілаў і СПА Міністэрства абароны прадае верталёт МІ-26 за 13,9 мільёна рублёў.
Беларускія ваенныя шчыра прызнаюцца, што вінтакрылая машына зношаная на 79%, і гэта нядзіўна, улічваючы, што яе сабралі ў 1991 годзе. На аўкцыён баявую машыну выставілі ў канцы снежня мінулага года, а збыць яе павінны да канца 2019 года. Жадаючыя набыць сапраўдны ваенны верталёт павінны паспяшацца.
Зараз МІ-26 знаходзіцца ў Мачулішчах, дзе размяшчаецца змяшаная авіябаза і размешчаны аэрадром беларускага абароннага ведамства. Такіх цяжкіх ваенных транспартна-дэсантных машын у Беларусі яшчэ дзесяць гадоў таму на ўзбраенні налічвалася 14 адзінак.
Дадзеная мадэль да гэтага часу лічыцца найбуйнейшым у свеце серыйным транспартным верталётам, нягледзячы на тое што яна паступіла на ўзбраенне яшчэ ў 1980 годзе.
Беларускае войска цяпер можа пахваліцца чацвёркай МІ-26, якія таксама ў бліжэйшы час вычарпаюць свой лётны рэсурс і, мабыць, папоўняць каталог продажаў ваеннай тэхнікі.
Час ад часу ўзброеныя сілы ладзяць распродаж ваеннай тэхнікі, набыць якую можа практычна любы жадаючы пры наяўнасці дастатковай колькасці сродкаў. Для куплі некаторых машын трэба ўдзельнічаць у аўкцыёне, іншыя можна набыць яшчэ прасцей - проста заплаціўшы. Аднак варта ўлічыць, што калі на машыну з'явілася чарга, то прыярытэт аддаецца арганізацыям дзяржаўных формаў уласнасці. Ваенныя аўтамабілі часам купляюць сельгасарганізацыі, але цікавяцца і прыватнікі.