Тэма першага ўрока ў беларускіх школах, рэкамендаваная Міністэрствам адукацыі, будзе сугучная з Годам малой радзімы і закліканая падкрэсліць суверэнітэт і незалежнасць Рэспублікі Беларусь. У якасці тэмы ў міністэрстве выбралі цытату беларускага класіка Янкі Купалы: "Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!"
Галоўная задача першага ўрока - абудзіць у школьнікаў пачуццё гонару за сваю краіну і яе дасягненні і паспрыяць фармаванню актыўнай грамадзянскай пазіцыі.
"Ключавой ідэяй першага ўрока павінны стаць словы кіраўніка дзяржавы, якія прагучалі на ўрачыстым сходзе да Дня Незалежнасці: "Тое, што за чвэрць стагоддзя сваёй незалежнасці ва ўмовах магутнага палітычнага, інфармацыйнага, эканамічнага ціску нам удалося абараніць суверэнітэт, захаваць мір і парадак у краіне, - гэта стала нашай з вамі агульнай перамогай у найноўшай гісторыі", - гаворыцца ў рэкамендацыі, размешчанай на сайце Міністэрства адукацыі.
Напярэдадні святкавання ў 2020 годзе 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, падчас першага ўрока рэкамендуюць акцэнтаваць увагу на ролі беларускага народа ў дасягненні міру і неабходнасці захоўваць памяць і клапаціцца пра ветэранаў.
Закрануць на першым у годзе ўроку і міратворчую пазіцыю Беларусі ва ўрэгуляванні міжнародных палітычных канфліктаў, і спартыўныя дасягненні рэспублікі – успомняць пра ІІ Еўрапейскія гульні, якія прайшлі ў краіне.
У многіх школах першы ўрок пройдзе ў нестандартнай форме: у выглядзе прэзентацыі, экскурсіі ў музей ці агульнай дыскусіі.
Акрамя таго, на першым уроку кожны першакласнік краіны атрымае ў падарунак кнігу з электронным DVD-дадаткам "Беларусь – наша Радзіма. Падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі першакласніку".