Дакладная паэзія жыцця Пімена Панчанкі: "…Людзей ратуе толькі чалавечнасць"

© SputnikПімен Панчанка
Пімен Панчанка - Sputnik Беларусь, 1920, 23.08.2023
Падпісацца
Шматлікія вершы беларускага паэта пакладзены на музыку, а вуліца ў Мінску носіць яго імя. З нагоды 106-годдзя з дня нараджэння Пімена Панчанкі Sputnik падрыхтаваў невялікую лірычную падборку вершаваных твораў знакамітага творцы.
Беларускі паэт, журналіст, перакладчык і літаратурны крытык Пімен Панчанка нарадзіўся 23 жніўня 1917 года.
З'явіўся на свет будучы паэт у сталіцы Эстоніі – Таліне, якая ў той час называлася Рэвель. Аднак неўзабаве сям'я пераехала ў Беларусь, дзе ў гарадскім пасёлку Бягомль Віцебскай вобласці і прайшло яго дзяцінства. Пазней адбыўся яшчэ адзін пераезд – у Бабруйск. Тут Панчанка паспяхова скончыў настаўніцкія курсы. Некаторы час малады настаўнік працаваў у школах і адначасова вучыўся на завочным аддзяленні філалагічнага факультэта Мінскага настаўніцкага інстытута.
Ужо падчас атрымання вышэйшай адукацыі малады паэт актыўна друкаваўся. Так, яго першыя вершы – "Моладзі" і "Ураджайнае" – з'явіліся яшчэ ў 1934 годзе ў альманаху "Ударнікі". А першыя яго паэтычныя зборнікі пабачылі свет перад самай вайной: у 1938 годзе выйшла кніга вершаў "Упэўненасць", а ў 1940-м – зборнік "Вераснёвыя сцягі".
© Sputnik / Юрий Иванов / Перайсці ў медыябанкНародны паэт Беларусі Пімен Панчанка
Народный поэт Беларуси Пимен Панченко - Sputnik Беларусь, 1920, 22.08.2023
Народны паэт Беларусі Пімен Панчанка
Пранікнёны лірызм паэтычных твораў, якія апявалі прыгажосць роднай зямлі, у канцы 30-х гадоў мінулага стагоддзя змяніўся суровым настроем ваеннага часу. З 1939 па 1946 гады Пімен Панчанка служыў у Савецкай арміі ў якасці спецыяльнага карэспандэнта. Ён прымаў удзел у аперацыі Чырвонай арміі ў Заходняй Беларусі, пабываў на Бранскім і Калінінскім франтах. І ў гэты цяжкі час ў франтавых выданнях (газета "За свабодную Беларусь" і часопіс "Партызанская дубінка") выходзілі не толькі артыкулы, але і вершы, прасякнутыя верай у перамогу.
У 1944 годзе, яшчэ знаходзячыся на армейскай службе, Панчанка трапляе са штабам, да якога ён быў прыпісаны, у Іран. Тут, удалечыні ад Радзімы паэт піша цыкл вершаў пад назвай "Іранскі дзённік". Дарэчы, ваенная тэма суправаджала паэта напрацягу ўсяго яго далейшага жыцця.
Пасля дэмабілізацыі Пімен Панчанка працаваў у часопісе "Вожык", потым – у газеце "Літаратура і мастацтва". На працягу пяці гадоў, з 1953 па 1958, быў рэдактарам альманаху "Советская Отчизна" (зараз — "Нёман")
У 1966-м годзе Панчанка быў прызначаны сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. Знаходзіўся паэт і на грамадскай рабоце: з 1959 па 1967 і з 1971 па 1990 з'яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.
Кніга вершаў Пімена Панчанкі "Пры святле маланак", напісаная ў 1966 годзе, праз два гады атрымала Дзяржаўную прэмію імя Янкі Купалы, а ў 1973 годзе яму было нададзена ганаровае званне Народнага паэта Беларусі.
Усяго, пачынаючы з 1938 года, у Пімена Панчанкі выйшла больш за 30 зборнікаў паэзіі. Пры гэтым за зборнік "Дзе начуе жаваранак?" у 1981 годзе паэт быў удастоены Дзяржаўнай прэміі СССР. А вось апошнія две вершаваныя кнігі — "Зямля ў мяне адна" (1996 год) і "Жытнёвы звон" (2002 год) — пабачылі свет ужо пасля яго смерці.
Акрамя зборнікаў паэзіі ў творчую спадчыну Панчанкі ўваходзіць кніга літаратурна-крытычных артыкулаў "На паэтычным небасхіле" (1977 год), а таксама шматлікія пераклады на беларускую мову асобных твораў Фрыдрых Шылера, Адама Міцкевіча, Яна Райніса і іншых.
Шматлікія вершы беларускага паэта пакладзены на музыку, сярод якіх "Жытнёвы звон", "Песня пра Мінск" і іншыя.
У канцы 80-х — пачатку 90-х гадоў паэт цяжка хварэў. Аднак у гэты час ён пісаў успаміны пра сваё жыццё і жыццё знаёмых пісьменнікаў, працягваў працаваць над крытычнымі артыкуламі і эсэ.
Памёр Пімен Панчанка 2 красавіка 1995 года ва ўзросце 77 гадоў і быў пахаваны на Усходніх могілках у Мінску. У памяць аб творцы адна з вуліц у Мінску носіць яго імя.
Творчыя здабыткі Пімена Панчанкі складана ахапіць адным артыкулам. Аднак ёсць тая яскравая акалічнасць яго творчасці, якую немагчыма абмінуць, бо сярод іншых паэтаў роднай Беларусі менавіта яго вершам уласціва спалучэнне глыбокага лірызму і вытанчанай дакладнасці апісання з'яў, пачуццяў і характараў. Знаёмімся з дакладнай паэзіяй знакамітага беларускага творцы ў вершаванай падборцы Sputnik!
© Sputnik / Виктор ТолочкоА тут яшчэ спее маліна / На ціхай палянцы лясной...
Малина - Sputnik Беларусь, 1920, 22.08.2023
А тут яшчэ спее маліна / На ціхай палянцы лясной...

* * *

А сонца цябе прасмаліла,
Ты пахнеш чаборам, сасной.
А тут яшчэ спее маліна
На ціхай палянцы лясной.

Забудзь падрабязнасці быта,
Будзёншчыны потны рэжым.
Нырнём у лясоў першабытнасць,
А можа, ў дзяцінства збяжым.

Ах, словы, высокія словы,
Ва ўзнёсласці – фальшу налёт.
А ёй бы пад ветрам сасновым
Пазбавіцца вечных турбот;

Ад кухні заўжды цеснаватай,
Адкуль толькі сцены відны,
Сябе я адчуў вінаватым,
І горка ад гэтай віны…

Асеннія будні нахлынуць,
Ты ў кухні цішком запяеш:
Успомняць чабор і маліну
Пабляклыя вусны твае.

© Sputnik / Марк Редькин / Перайсці ў медыябанкСтарэнькі грузавік, / Абшарпаны і заліты граззю, / На якім мой сябра-франтавік / Ад’язджаў...
Непрерывным потоком идут пополнения на фронт - до Берлина уже недалеко - Sputnik Беларусь, 1920, 22.08.2023
Старэнькі грузавік, / Абшарпаны і заліты граззю, / На якім мой сябра-франтавік / Ад’язджаў...

* * *

Адплывае белы цеплаход
За абруч блакітны небакраю,
На прасторы хваляў і прыгод.
Я гляджу услед…
І забываю.

Бо на той на палубе няма
Ні сяброў,
Ні нечых мілых ножак.
Хай там будзе сонца ці туман,
Цеплаход мяне больш не трывожыць.

Так і цуды нейкіх авеню
І сады ружовыя Сарэнта
Ў памяці падчас пераганю,
Быццам бы старую кіналенту.

А было:
Старэнькі грузавік,
Абшарпаны і заліты граззю,
На якім мой сябра-франтавік
Ад’язджаў, –
Навек мяне уразіў.

© Sputnik / Сергей Пятаков / Перайсці ў медыябанкАсеннімі дажджамі заліло / Апошнія чаканні і спатканні, / Пажоўклых клёнаў ціхае святло...
Опавшие кленовые листья - Sputnik Беларусь, 1920, 22.08.2023
Асеннімі дажджамі заліло / Апошнія чаканні і спатканні, / Пажоўклых клёнаў ціхае святло...

* * *

Асеннімі дажджамі заліло
Апошнія чаканні і спатканні,
Пажоўклых клёнаў ціхае святло,
Скупога сонца роснае дыханне.

І пачала зямля крыху цвярдзець,
То сцюжа – пераможца ў паядынку
Раскідвае зары світальнай медзь
У лужынах барвовыя ільдзінкі.

А потым навалілася на дол
Вялікая і белая бясконцасць.
І заблудзіўся кожны мінскі дом
У пошуках растрачанага сонца.

А твар зямлі заснежанай не мёртвы:
Ён зменлівы, як пошум баравы.
Там, у барах, аж да вясны ў сумётах
Схавалі свае трубы журавы.

Яны іх знойдуць і яшчэ зайграюць,
Склікаючы дзяцей, ліству, блакіт.
І па ўсім краі аж да небакраю
Маланкамі набухнуць аблакі.

© Sputnik / Виктор ТолочкоА сонца зайшло, і туман па нізінах...
Туман в октябре в Беларуси - Sputnik Беларусь, 1920, 22.08.2023
А сонца зайшло, і туман па нізінах...

* * *

Бывала: вяртаешся з лесу ў маленстве,
А сонца зайшло, і туман па нізінах.
І раптам здаецца, што сцішаны лес той
Суровым паглядам глядзіць табе ў спіну.

І страх азірнуцца, але азірнуся,
Затоена ўсё, ды нікога не бачу.
Дадому спалоханы трошкі вярнуўся,
Але не прызнаюся і не заплачу…

Цяпер за сталом у бяссонныя ночы
Мяне ахінае часамі трывога.
І спіну свідруюць суровыя вочы,
А як азірнуся – нікога, нікога.

© Sputnik / Андрей Соломонов / Перайсці ў медыябанкІ дакладна ўсё успомню я... / Недзе ў Бухары ці Намангане...
Одно из деревенских кладбищ в Афганистане - Sputnik Беларусь, 1920, 22.08.2023
І дакладна ўсё успомню я... / Недзе ў Бухары ці Намангане...

* * *

Вось яшчэ малое намаганне,
І дакладна ўсё успомню я…
Недзе ў Бухары ці Намангане
Ты ішла, харошая мая.

У такой вясёлкавай спаднічцы,
А на кофце трыццаць тры касы.
Пэўна, я на сто гадоў спазніўся,
Не сустрэў раней такой красы.

На яе глядзець было няёмка,
Толькі немагчыма не глядзець.
Са спякотнай казкі незнаёмка
Некуды спяшалася паспець.

Як фазан, прашастала імкліва,
Пазаві – я следам паспяшу…
А мой друг Тураб глядзеў раўніва
На маю славянскую душу.

© Белорусский государственный театр кукол...Да працы добрай прылучэнне, / Ачалавечванне людзей.
Спектакль для детей  Почему стареют люди? режиссера Алексея Лелявского  - Sputnik Беларусь, 1920, 22.08.2023
...Да працы добрай прылучэнне, / Ачалавечванне людзей.

* * *

Грызе усіх нас нецярплівасць:
Хутчэй бы той чаканы век,
Дзе б жыў,
рабіў і быў шчаслівы
Сумленны кожны чалавек.

Здаецца,
вырвалі карэнне,
Няма ў мінулае шляхоў.
Ды бачым зноўку паўтарэнне
Усіх запыленых грахоў:

Злабы і зайздрасці успышкі,
Нахабнасць лютую хапуг,
І самагонныя адрыжкі,
І кар’ерызму рабскі дух.

Усё змяняецца з узростам,
А нейкі кут яшчэ глухі…
Ах, як няпроста,
як няпроста
Адскрэбці плямы і грахі.

І з пакалення ў пакаленне
Яно пакутліва ідзе –
Да працы добрай прылучэнне,
Ачалавечванне людзей.

© Sputnik / Григорий Сысоев / Перайсці ў медыябанкПра космас прывычна / І бачыць, і чуць вам...
Запуск РН Союз-2.1б с автоматической станцией Луна-25 - Sputnik Беларусь, 1920, 22.08.2023
Пра космас прывычна / І бачыць, і чуць вам...

* * *

Даволі вам, дзеці,
Па лагеры бегаць, даволі!
І спаць вам не дам у спакоі.
Апоўначы выведу вас
Я сягоння на поле,
На цёмнае поле начное.

Там позняе лета,
Там соннае жыта
І зорныя ліўні.
Бяздонне сусвету
Бывае такое глыбокае
Толькі у жніўні.

Пра космас прывычна
І бачыць, і чуць вам
Ледзь-ледзь не з пялёнак.
І сон ваш касмічны,
І ў сэрцы –
Гагарын, Клімук, Кавалёнак.

Для кожнага з вас
Над бацькоўскай зямлёю
Шчаслівая зорка згарае.
Цаніце свой час
І гэты сусвет,
Што без дна, без канца і без краю.

Жыццё вас запоўніць
Вучобай, і працай,
І шчырым каханнем,
Бо сэрцы запоўняць
І зоркавы лівень,
І цёплага жыта дыханне.

© Sputnik / Михаил Мордасов / Перайсці ў медыябанкНябёсы грозяць нам патопам...
Майская гроза - Sputnik Беларусь, 1920, 22.08.2023
Нябёсы грозяць нам патопам...

* * *

Ізноўку гром на лес, на голы,
І хмурацца сябры мае:
У сэрцы нейкі даўні голас
Сігнал трывожны падае.

Нябёсы грозяць нам патопам,
Грамы раз’юшаныя б’юць.
Галіны прыпяцкіх прытокаў
Сябе ў маланках пазнаюць.

Ды верыцца: не пакалеча
Сады, палі дачасны гром.
А бесклапотная малеча
Шумліва цешыцца дажджом.

Размыты цёплыя дарожкі,
Далёка ў лесе гром асеў.
І асцярожна басаножкі
Дзяўчына босая нясе.

© Sputnik / Татьяна ФедоренкоНа Брэстчыне карыбскі ураган, / Паводка бангладэшская увосень...
Животные во время паводка в Гомеле - Sputnik Беларусь, 1920, 22.08.2023
На Брэстчыне карыбскі ураган, / Паводка бангладэшская увосень...

* * *

На Брэстчыне карыбскі ураган,
Паводка бангладэшская увосень.
Дажджы зімой.
Снягоў няма.
Туман.
На бронетранспарцёрах сена звозім.

Калі б тут не сапраўдная бяда,
Дык можна б пастаяць і падзівіцца.
Але вада,
Страшэнная вада,
Нялёгка часам да людзей прабіцца.

Жывой вады руйнуючы удар,
Мы зубы сцялі, не клянём нікога.
Плывуць стагі па небу паміж хмар
І не знаходзяць сонца залатога.

Дае прырода зноў урокі нам:
Не верце цішыні, салодкім снам,
Бяда і радасць ходзяць побач вечна,
Людзей ратуе толькі чалавечнасць.

© Sputnik / Владимир Астапкович / Перайсці ў медыябанк...Зоркі, не пагасніце дачасна, / Я люблю вас, / Я кахаю вас.
Метеорный поток Персеиды - Sputnik Беларусь, 1920, 22.08.2023
...Зоркі, не пагасніце дачасна, / Я люблю вас, / Я кахаю вас.

* * *

Жнівеньская ноч як звар’яцела,
Развязала чорныя мяхі.
Сотні тысяч зорак пераспелых
Сыплюцца на мокрыя імхі.

Галаву і сэрца мне працяла
Млечным Шляхам.
Край сасновы мой
Сёння ноччу нейкім стаў працягам
Зорнай таямніцы векавой.

Балбатня пра атамы – пустое,
Бо у прыгажосці – свой закон.
Толькі гэта неба залатое
Назаўжды ўзяло мяне ў палон.

Загадайце, хлопцы і дзяўчаты,
Спраўдзіцца усё ў жыцці у вас…
Зоркі, не пагасніце дачасна,
Я люблю вас,
Я кахаю вас.

Чытайце таксама:
Кола жыцця і творчасці Алеся Ставера: "Жураўлі на Палессе ляцяць..."
Адам Русак: "I ў сэрцы песні не стрымаць…"
Жыццё і творчасць Янкі Купалы: "Мне засталася спадчына…"
"Радзіму не пакіну я без песень…": сум і лірыка ў вершах Язэпа Пушчы
"Чалавек не знікае так": вершы Рыгора Барадуліна
Стужка навiн
0