Адам Русак: "I ў сэрцы песні не стрымаць…"

© Sputnik / Сергей ЛескетьДзяўчына танчыць
Дзяўчына танчыць - Sputnik Беларусь, 1920, 24.05.2023
Падпісацца
Сёння адзначаецца 119 гадоў з дня нараджэння знакамітага паэта-песенніка, аўтара запамінальных радкоў, якія ведае кожны беларус.
Адам Русак нарадзіўся ў далёкім 1904 годзе ў сялянскай сям’і ў вёсцы Пясочная, якая знаходзіцца ў Копыльскім раёне Мінскай вобласці. З дзяцінства ён захапляўся музыкай, і нават у арміі служыў музыкантам. Пасля спрабаваў вучыцца ў Мінскім будаўнічым тэхнікуме, але неўзабаве кінуў яго дзеля сапраўднага прызвання. Скончыў у 1930 годзе Беларускі музычны тэхнікум па класе "скрыпка", а наступныя чатыры гады вучыўся ў Ленінградскай кансерваторыі іграць на валторне.
Да Вялікай Айчыннай вайны працаваў у Ленінградскім Малым оперным тэатры, разам з якім быў эвакуіраваны ў Арэнбург. Пасля вайны працаваў у Беларускай дзяржаўнай філармоніі.
"Радзіму не пакіну я без песень…": сум і лірыка ў вершах Язэпа Пушчы >>>
З паэзіяй Адам Русак дэбютаваў яшчэ ў 1927 годзе – тады часопіс "Чырвоны сейбіт" апублікаваў яго верш "Мая песня". З таго часу напісаў шмат вершаў, для якіх стваралі музыку Ул. Алоўнікаў, Ю. Семяняка, Г. Пукст, І. Лучанок і іншыя знакамітыя кампазітары. Песні на словы Адама Русака спяваў гурт "Песняры", Іосіф Кабзон і Зміцер Вайцюшкевіч. Ён аўтар такіх вядомых песень, як "Бывайце здаровы, жывіце багата", "Лясная песня", "Не шукай ты мяне", "Не за вочы чорныя" і "Дзе ты, зорка мая".
У Адама Русака выйшлі 13 паэтычных зборнікаў. Дарэчы, два з іх – з вершамі для дзяцей. У 1964 годзе паэт быў ганараваны званнем "Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР". Імя Адама Русака носяць вуліцы ў родным Пясочным і ў Копыле.
Sputnik прапануе вашай увазе самыя вядомыя вершы паэта, якія сталі любымымі песнямі беларусаў. Спяваем разам!
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяНе шукай ты мяне / Каля жытніх палёў...
Жыта - Sputnik Беларусь, 1920, 23.05.2022
Не шукай ты мяне / Каля жытніх палёў...

Не шукай

Не шукай ты мяне
Каля жытніх палёў,
Не шукай,
Калі к сэрцу майму
Ты дарог не знайшоў,
Не шукай…

Не кажы ты мне слоў,
Што не грэюць цяплом,
Не кажы…
Калі сэрца тваё
Не палае агнём,
Не кажы…

Не спявай пад акном
Ты мне песні сваёй,
Не спявай…
Калі ў сэрцы не я
Буду песняй тваёй
Не спявай…

Не шукай ты мяне
У цішы вечароў,
Не шукай…
Калі к сэрцу майму
Ты дарог не знайшоў
Не шукай…

© Sputnik / Виктор ВеткинПершую зорку на небе спаткаць / Толькі з табою...
Отдых на Минском море - Sputnik Беларусь, 1920, 23.05.2022
Першую зорку на небе спаткаць / Толькі з табою...

Толькі з табою

Толькі з табою мне хочацца быць,
Толькі з табою,
Радасць і шчасце з табою дзяліць
Толькі з табою.

Ранняй часінай к табе я лячу,
Позняй парою.
Толькі к табе прыхіліцца хачу
Сэрцам, душою.

Выйсці у поле, дзе нівы шумяць,
Там, за ракою.
Першую зорку на небе спаткаць
Толькі з табою.

Гэтак не страшны цяжкія пуці
Будуць з табою,
Гэтак ісці неразлучна ў жыцці
Толькі з табою.

© Sputnik / Илья Наймушин / Перайсці ў медыябанк...I ў сэрцы песні не стрымаць / пра мой любімы край.
Рапсовые поля - Sputnik Беларусь, 1920, 23.05.2022
...I ў сэрцы песні не стрымаць / пра мой любімы край.

Мой край

Куды ні глянь – лясы шумяць,
цвіце за полем гай,
а поле – вокам не абняць.
I гэта ўсё – мой край.

Пшаніца, жыта на палях,
усюды ураджай,
стагі, як горы, на лугах.
I гэта усе – мой край.

Жыве, працуе мой народ
ці ў снежань, ці ў май,
і харашэе з году ў год
мой родны, вольны край.

Куды ні глянь – лясы шумяць,
за полем рачка, гай.
I ў сэрцы песні не стрымаць
пра мой любімы край.

© Sputnik / Николай МихновецОй, бярозы ды сосны – / Партызанскія сёстры, / Ой, шумлівы ты лес малады...
Историко-культурный комплекс Гродненская крепость. Партизанский лагерь - Sputnik Беларусь, 1920, 23.05.2022
Ой, бярозы ды сосны – / Партызанскія сёстры, / Ой, шумлівы ты лес малады...

Лясная песня

Ой, бярозы ды сосны –
Партызанскія сёстры,
Ой, шумлівы ты лес малады.
Толькі сэрцам пачую
Тваю песню лясную
Ды ўспомню былыя гады.

Ды ўспомню пажары,
І варожыя хмары,
І завеі халодных снягоў,
І слату, і нягоды,
І начныя паходы,
І агні партызанскіх кастроў.

Край любімы мой, родны,
Ты на свеце свабодны,
За цябе я на бітву хадзіў,
Каб ніколі, ніколі
Ты не быў у няволі,
Каб чырвонымі кветкамі цвіў.

Адышлі тыя годы,
Адгрымелі паходы,
Толькі пушча за полем шуміць.
Ой, бярозы ды сосны –
Партызанскія сёстры,
Вас ніколі ў жыцці не забыць.

© Sputnik / Альфред МикусБывайце здаровы, / Жывіце багата!..
Свята млынароў у Адэльску - Sputnik Беларусь, 1920, 23.05.2022
Бывайце здаровы, / Жывіце багата!..

Бывайце здаровы, жывіце багата!

Бывайце здаровы,
Жывіце багата,
Ужо ж паедзем
Да сваёй хаты.

У зялёнай дуброве
Мы начаваць будзем
І вашае ласкі
Вавек не забудзем.

У вашам калгасе
Шырокае поле,
Няхай жа на шчасце
Цвіце ваша доля.

На рэчках на вашых
Бурлілі каб воды,
Каб плавалі з крыкам
Гусей карагоды.

Каб жыта ў полі
Трубою вілося,
Каб сала ў хаце
Кубламі вялося.

Штодзень у капусце
Каб плавала шкварка,
Да шкваркі часінай
Вялася б і чарка.

Яшчэ вам жадаем
Прыбытку ў хаце
Ні мала, ні многа –
Штогод па дзіцяці.

Ня будзем у крыўдзе
Яшчэ і на тое,
Калі пашанцуе –
На год і па двое.

Дарогу ж мы знаем
Да вас, ягамосці
I ездзіць мы будзем
Да вас часта ў госці.

Эй, хто на адведы,
Эй, хто на радзіны –
Вазіць караваі
Па дзве паўасьміны.

Бывайце здаровы,
Жывіце багата,
Ужо ж паедзем
Да сваёй хаты.

У зялёнай дуброве
Мы начаваць будзем
І вашае ласкі
Вавек не забудзем.

Чытайце таксама:
"Срэбранаю пацеркай на нітцы…": казачная крыніца творчасці Васіля Віткі
Паўлюк Багрым: драматычная спадчына ў адным вершы
"Каб мудры лёс набыць, спатрэбіцца нямала…": вершы Амара Хаяма ў беларускім гучанні
Шлях у вечнасць Уладзіміра Караткевіча: "...Крочце к сонцу поруч са мной"
"Глядзецца праўдзе ў вочы...": самыя пякучыя байкі Кандрата Крапівы
Стужка навiн
0